Хакеісты «Віцебска» атрымалі валявую перамогу над «Гомелем» у матчы Кубка Салея
Фота з архіва
8 жніўня, Мінск . Трыма матчамі ў Гомелі, Оршы і Жлобіне ў сераду прадоўжыўся групавы этап другога па значнасці турніру ў беларускім хакеі — Кубка Руслана Салея,
Гульнявую праграму серады адкрываў паядынак у Жлобіне, дзе чэмпіёны краіны з «Металурга» прымалі «Хімік». Да экватара сустрэчы новапалачане вялі з адрывам дзве шайбы, але дзякуючы двум галам у большасці «стальныя ваўкі» зраўнавалі лічбы, а ў авертайме перамогу гаспадарам прынёс Сяргей Бяйзак. У выніку 3:2, «Металург» выйграў трэці матч з трох на старце турніру. Паралельна ў Оршы мясцовы «Лакаматыў» разабраўся са смаленскім «Славуцічам» — 4:1.
Дзеючы ўладальнік Кубка Салея «Віцебск» у гэты дзень гасцяваў у Гомелі. Пасля двух перыядаў віцябчане ўступалі ў ліку, аднак у заключнай трэці пераламалі ход гульні, а пераможную шайбу Мікіта Ядроец закінуў за мінуту да заканчэння асноўнага часу. Фінальны лік — 2:1, «Віцебск» прадаўжае ісці без паражэнняў, а з улікам папярэдніх розыгрышаў Кубка пераможная серыя падапечных Рамана Юпатава ў перадсезонных турнірах налічвае ўжо 13 гульняў.
Удзел у Кубку Салея прымаюць усе 14 клубаў беларускай экстралігі, якія падзелены на дзве групы. Адразу ў «фінал чатырох» турніру пройдуць толькі пераможцы пулаў, яшчэ дзве пуцёўкі будуць разыграны ў кваліфікацыйным раўндзе ў канцы жніўня. У групе «В» з шасцю ачкамі лідзіруюць «Металург» і «Віцебск», па чатыры ачкі ў «Лакаматыва» і «Гомеля». У актыве «Хіміка» тры пункты, у «Славуціча» — 2, «Магілёў» балаў пакуль не мае.