Як праходзіў разбор па справе аб затрыманні чацвярых латвійцаў з марыхуанай на граніцы?
Скрыншот відэа «Беларусь 1»
13 жніўня, Мінск . Грамадзянін Латвіі Даніэль Цырсіс у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» расказаў, як праходзіў разбор па справе аб затрыманні чацвярых латвійцаў з марыхуанай на граніцы, .
26 ліпеня праз пункт пропуску «Грыгароўшчына» ў Беларусь уехалі чацвёра грамадзян Латвіі. Тры дзяўчыны і адзін хлопец: Даніэль, Паліна, Настасся і Уладлена. Ехалі на музычны фестываль у Браслаў.
«Дзяўчаты паклікалі на канцэрт «Viva Braslav». Ніколі не быў на ім, вырашыў наведаць і адвезці дзяўчат, каб яны ўтрох не ехалі», — расказаў Даніэль.
Паводле яго слоў, ён раней шмат разоў быў у Беларусі. «Я ўжо, напэўна, тут быў недзе разоў 20 дакладна. Наведвалі мы Мінск, у асноўным як турысты і ў госці да некага ездзілі», — удакладніў малады чалавек. Таму чарговая паездка не абяцала нічога асаблівага.
Аднак у час перасячэння граніцы супрацоўніцай пагранкантролю ў салоне аўто пры надглядзе быў знойдзены невялікі пакецік. Выкліканы на месца кінолаг пацвердзіў: рэакцыя службовага сабакі станоўчая, ён учуў пах наркатычнага рэчыва. У далейшым экспертыза паказала: змесціва пакеціка — марыхуана. Трэба адзначыць, што жыхары Латвіі адразу аднадушна запэўнівалі, што гэта не іх. Але тады ж яны самі выказалі меркаванне, адкуль ён мог узяцца. Магчыма, яго згубіў адзін са знаёмых Даніэля, якога ён падвозіў у Латвіі напярэдадні.
У такой сітуацыі па закону на ўсе пытанні павінна адказаць следства. Быў запушчаны адпаведны працэс. Праз тры дні грамадзян Латвіі выпусцілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе. Заставалася дачакацца вынікаў усіх экспертыз, у тым ліку, ці былі сляды каго-небудзь з гэтых чатырох людзей на пакеціку з марыхуанай. І тут у інтэрнэце пачаліся дзіўныя ўкіды з загалоўкамі накшталт: «Ехалі ў Беларусь на фестываль — апынуліся за кратамі», а таксама з абвінавачваннямі аб адсутнасці вяршэнства закону ў нашай краіне і гэтак далей.
«Я хацеў бы папрасіць людзей, не разабраўшыся ў сітуацыі, не каменціраваць і не спрабаваць нешта данесці або зрабіць сябе героямі, таму што гэта можа нашкодзіць як і нам, так і ім, і ў прынцыпе распаліць які-небудзь канфлікт, што на сённяшні дзень, магчыма, і выйшла, — адзначыў Даніэль. — Недзе нехта выказаўся некарэктна і круціўся або спрабаваў зрабіць нейкі хайп сабе, нагаворваючы на нас, што нас тут забіваюць і нешта такое. Гаварылі ўсякія глупствы. Больш за ўсё мне не спадабалася, што людзі з розных бакоў гавораць тое, чаго наогул не ведаюць, што ішло наогул нам не на карысць. Мы ведалі, што трэба проста чакаць, што ўсё рана ці позна стане на свае месцы, правасуддзе пераможа і ўсё будзе добра».
Як паведамлялася, 2 жніўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з жыхарамі аграгарадка Прудок расказаў, што даручыў высветліць усе акалічнасці, звязаныя з затрыманнем у Беларусі чатырох грамадзян Латвіі. У выніку справа вырашылася добра: усе абвінавачанні зняты, яны вярнуліся дадому.