Маркевіч: «Белая Вежа» 28 гадоў застаецца знакавай падзеяй у календары культурных мерапрыемстваў
Фота Брэсцкага аблвыканкама
11 верасня, Брэст . У Брэсце праходзіць XXVIII Міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа». Прывітальныя словы гасцям і ўдзельнікам форуму адрасаваў міністр культуры Анатоль Маркевіч, паведамілі ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы (БАТД).
«Культурнае жыццё ў Беларусі разнастайнае і дынамічнае. Сведчанне таго — міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа», які ўжо на працягу 28 гадоў з’яўляецца знакавай падзеяй у календары штогадовых культурных мерапрыемстваў нашай рэспублікі. Цікавасць да фестывалю з боку прафесіяналаў і гасцей з году ў год узрастае, а склад удзельнікаў пастаянна пашыраецца, што з’яўляецца паказчыкам высокага аўтарытэту беларускага тэатральнага мастацтва», — гаворыцца ў паведамленні міністра.
Анатоль Маркевіч выказаў упэўненасць, што праграма фестывалю напоўнена цікавымі спектаклямі і сустрэчамі і падорыць гледачам незабыўныя эмоцыі, паслужыць развіццю не толькі беларускай культуры, але і культуры іншых народаў.
Для ўдзелу ў «Белай Вежы» ў бягучым годзе было пададзена 80 заявак. На фестывалі гледачы ўбачаць пастаноўкі 22 калектываў з сямі краін свету: Азербайджана, Беларусі, Даніі, Казахстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана. У дзень адкрыцця, 10 верасня, на сцэне сыгралі артысты БАТД. Яны прадставілі на суд публікі спектакль «Бацькі і дзеці». Сёння брастаўчане і госці горада над Бугам змогуць атрымаць асалоду ад творчасці яшчэ пяці тэатраў. У цэлым афіша напоўнена спектаклямі па класічных творах, драмамі, камедыямі, меладрамамі, уключаны ў рэпертуар эксперыментальныя і музычныя пастаноўкі, спектаклі тэатра лялек.
Завершыцца фестываль 15 верасня.