У свеце

ААН: тэмпература на планеце б’е рэкорды 13 месяцаў запар


Фота з архіва

10 ліпеня, Нью-Ёрк /БЕЛТА — Анадалу/. Мінулы чэрвень стаў самым гарачым за ўсю гісторыю назіранняў на планеце і 13-м месяцам запар, калі быў устаноўлены месячны тэмпературны рэкорд. Аб гэтым сведчаць новыя даныя, апублікаваныя Службай змянення клімату Еўрапейскага саюза Copernicus, перадае прэс-служба ААН.

Як вынікае з паведамлення, ужо 12 месяцаў запар сярэдняя глабальная тэмпература знаходзіцца на адзнацы  на 1,5 градуса вышэйшай, чым у даіндустрыяльную эпоху. Сярэдняя тэмпература паверхні мора ў чэрвені складала 20,85 градуса, што таксама з’яўляецца самым высокім значэннем за ўвесь перыяд назіранняў.

У адпаведнасці з Парыжскім пагадненнем краіны пагадзіліся ўтрымліваць доўгатэрміновую сярэднюю глабальную тэмпературу паверхні Зямлі на ўзроўні ніжэйшым за 2 градусы па Цэльсію ў параўнанні ў даіндустрыяльным узроўнем і прыкладаць намаганні для абмежавання яе да 1,5 градуса па Цэльсію да канца бягучага стагоддзя.

«У чэрвені ў многіх краінах назіраліся шырокамаштабныя і працяглыя цеплавыя хвалі, якія аказалі сур’ёзны ўплыў на ўсе аспекты жыцця людзей», — сказала генеральны сакратар Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА) Селеста Саула. Гэта, паводле яе слоў, адбывалася яшчэ да традыцыйнага піку лета ў паўночным паўшар’і, калі будуць назірацца больш інтэнсіўныя перыяды экстрэмальнай спёкі.

«Нават калі цяперашняя серыя экстрэмальных з’яў некалі завершыцца, мы будзем назіраць новыя рэкорды па меры далейшага пацяплення клімату. Гэта непазбежна, калі мы не спынім выкід парніковых газаў у атмасферу і акіяны», — сказаў дырэктар Службы змянення клімату Copernicus Карла Буантэмпа.

Паводле даных ААН, чэрвень 2024 года быў больш вільготным, чым звычайна, у Ісландыі, цэнтральнай і ў большай частцы паўднёва-заходняй Еўропы, а моцныя ападкі прывялі да паводкі ў Германіі, Італіі, Францыі і Швейцарыі.

У Ірландыі, на большай частцы Вялікабрытаніі, у паўднёвай Італіі і на значнай частцы Усходняй Еўропы, асабліва ў раёне Чорнага мора, было найбольш суха. Больш сухія, чым у сярэднім, умовы назіраліся таксама ў Паўночнай Амерыцы, некаторых рэгіёнах Азіі і на большай частцы Паўднёвай Амерыкі. Моцныя лясныя пажары ўзніклі на паўночным усходзе Расіі і ў цэнтральнай частцы Паўднёвай Амерыкі.

Навуковая супольнасць неаднаразова папярэджвала, што пацяпленне больш як на 1,5 градуса па Цэльсію можа прывесці да сур’ёзных наступстваў змянення клімату і экстрэмальных умоў надвор’я і кожная доля градуса пацяплення мае значэнне. Нават пры цяперашніх узроўнях глабальнага пацяплення ўжо назіраюцца разбуральныя кліматычныя наступствы, адзначаюць у ААН. Да іх адносяцца экстрэмальныя цеплавыя хвалі, ападкі і засухі, скарачэнне ледзянога покрыва, марскога лёду і леднікоў, паскарэнне ўздыму ўзроўню мора і награванне акіяна.-0-

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть