Акцыя «Разам з мастацтвам» пройдзе 19 лістапада ў Мінскай вобласці
Фота з архіва
14 лістапада, Мінск . Агульнарэспубліканская акцыя «Разам з мастацтвам» пройдзе 19 лістапада ў Мінскай вобласці, паведамілі ў канцэртным аддзеле тэатра.
У Маладзёжным тэатры эстрады ў лістападзе стартаваў новы этап агульнарэспубліканскай акцыі «Разам з мастацтвам» пад дэвізам «Беларусь — краіна магчымасцей». Як падкрэсліў дырэктар тэатра, дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Сяргей Мядзведзеў, галоўная мэта новага этапу акцыі — раскрыць шырокі спектр магчымасцей ва ўсіх сферах жыцця, якія прадастаўлены кожнаму жыхару Беларусі, асабліва прадстаўнікам моладзі.
«19 лістапада акцыю чакаюць у гарадах Мінскай вобласці: Клецку, Нясвіжы і Стоўбцах, — расказалі ў канцэртным аддзеле. — А сёння яе ўдзельнікі наведалі тры раёны Магілёўскай вобласці — Чавускі, Магілёўскі і Кіраўскі. Кожнае з мерапрыемстваў прайшло ў фармаце адкрытага дыялогу: артысты не толькі выканалі тэматычныя кампазіцыі, але і расказалі пра свой асабісты вопыт творчага росту і развіцця, пра комплекс мерапрыемстваў, якія рэалізуюцца дзяржавай і накіраваны на падтрымку таленавітай моладзі Беларусі».
У кожным з раёнаў Магілёўскай вобласці не толькі прайшлі творчыя праграмы, але і былі арганізаваны ўнікальныя выставы гісторыка-краязнаўчых музеяў, прадукцыі вядучых прадпрыемстваў раёна і вобласці, фотавыставы і шмат іншага.
Як чакаецца, у час акцыі беларускія дзеячы культуры і мастацтва ў лістападзе наведаюць 10 дыялогавых пляцовак у Мінску, Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцях. Арганізатарам акцыі выступае Маладзёжны тэатр эстрады пры падтрымцы Міністэрства культуры сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі.