Беларускія спартсмены выйгралі турнір па баскетболе 3х3 на Гульнях «Дзеці Азіі»
Фота НАК
2 ліпеня, Мінск . Беларускія спартсмены заваявалі чарговыя залатыя медалі ў пачатку сёмага дня спаборніцтваў VIII Міжнародных гульняў «Дзеці Азіі» ў Якуцку,
Сёння беларусам не было роўных у вырашальных паядынках турніру па баскетболе 3х3. У фінале спаборніцтваў дзяўчат беларуская каманда ва ўпартай барацьбе абыграла саперніц з Уральскай федэральнай акругі з лікам 14:9. У складзе пераможцаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Кудраўцава выступалі Ульяна Палей (ГрДВАР), Марта Галавач, Дар’я Кулік і Алеся Талькоўская (усе — РДВАР).
У вырашальнай сустрэчы юнацкіх спаборніцтваў каманда Аляксея Лашкевіча ў напружаным процістаянні перайграла зборную Узбекістана з рэзультатам 11:5. Уладальнікамі золата сталі Іван Катоўскі (БК «МІНСК»), Ілья Баранаў, Яраслаў Гесць і Алег Салей (усе — РДВАР).
Абедзве беларускія дружыны прайшлі турнір без адзінага паражэння.