Бокій выйшаў у фінал Паралімпіяды на стаметроўцы на спіне
Фота Мінспорту
30 жніўня, Мінск . Беларускі плывец Ігар Бокій выйшаў у чарговы фінал на XVII летніх Паралімпійскіх гульнях у Парыжы,
У другі дзень спаборніцтваў у басейне Бокій разам з таварышам па камандзе Яўгенам Кавалёнкам выйшлі на старт стаметроўкі на спіне. Абодва спартсмены прынялі ўдзел у другім папярэднім заплыве. Ігар пераадолеў дыстанцыю з лепшым рэзультатам (58,97 сек.), а па выніках абодвух заплываў час беларуса аказаўся другім — яшчэ хутчэй справіўся расіянін Уладзімір Сотнікаў (58,32). Кавалёнак з паказчыкам 1 мін. 05,97 сек. стаў апошнім сярод 14 удзельнікаў, у фінал прайшла мацнейшая васьмёрка.
Вырашальны заплыў на дыстанцыі 100 м на спіне, на якой Ігар Бокій з’яўляецца паралімпійскім рэкардсменам, адбудзецца сёння ўвечары. Арыенціровачны час пачатку — 21.45 па мінскім часе. Напярэдадні беларус стаў чэмпіёнам парыжскіх Гульняў на дыстанцыі 100 м батэрфляем, усяго ў нашага плыўца 19 медалёў у кар’еры на Паралімпіядах (17-1-1).