Бранцэвіч: неабходна скараціць шлях ад зараджэння перспектыўнай ідэі да рэалізацыі інвестпраекта
Таццяна Бранцэвіч. Фота Міністэрства эканомікі
20 чэрвеня, Мінск . Неабходна максімальна скараціць шлях ад зараджэння перспектыўнай ідэі да рэалізацыі пррыўнога інвестыцыйнага праекта. Аб гэтым заявіла намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч у ходзе пасяджэння пастаяннай міжведамаснай камісіі па дзяржпраграмах, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства эканомікі.
Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі Мінэканомікі, Мінсувязі, Мінфіна, ДНКТ, НАН Беларусі і Банка развіцця. Ключавым пунктам парадку дня стаў алгарытм пераносу мерапрыемстваў, якія забяспечваюць навуковыя распрацоўкі па стварэнні новай прадукцыі, з дзяржпраграм у дзяржаўныя навукова-тэхнічныя праграмы. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі падыходы да вырашэння гэтай задачы на прыкладзе дзяржпраграмы «Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка» на 2021-2025 гады.
На думку намесніка кіраўніка эканамічнага ведамства, вучоныя павінны смялей брацца за новыя распрацоўкі і знакавыя праекты. «Дзяржава паслядоўна падтрымлівае таленавітых і крэатыўных вынаходцаў: у бягучай пяцігодцы праз профільныя дзяржпраграмы інвесціраваны сотні мільёнаў рублёў у стварэнне інфраструктуры і забеспячэнне ўмоў для іх эфектыўнай работы. Але пры гэтым застаецца нязменным патрабаванне да навуковых даследаванняў — практыкаарыентаваны характар і выкананне задач, якія стаяць перад эканомікай», — падкрэсліла Таццяна Бранцэвіч.
Як было заўважана, лагічна вырашаць гэтыя пытанні з дапамогай інструментаў дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм. «Кансалідацыя ў іх мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць камерцыялізацыі перспектыўных айчынных распрацовак, дасць магчымасць значна скараціць працягласць цыкла ад зараджэння перспектыўнай ідэі да рэалізацыі прарыўнога інвестпраекта. Адпаведна, у Беларусі будуць хутчэй з’яўляцца новыя высокатэхналагічныя канкурэнтаздольныя вытворчасці ў прамысловасці, АПК, фармацэўтыцы, біятэхналогіях і іншых сферах», — зрабіла акцэнт Таццяна Бранцэвіч.