«Душа беларускага народа». У Маскве адкрылася выстава «Песняры-55»
20 жніўня, Масква /Эдуард Півавар . Выстава «Песняры-55», падрыхтаваная Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі, адкрылася 20 жніўня ў Маскве ў Расійскім нацыянальным музеі музыкі. Яна прымеркавана да 55-гадовага юбілею знакамітага музычнага калектыву, які будзе адзначацца 1 верасня,
«У нас была ідэя, што ў Маскву трэба прывезці «душу беларускага народа», і амаль адразу мы зразумелі, што гэта «Песняры», улічваючы, што ў гэтым годзе іх юбілей, — расказаў на вернісажы журналістам дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Аляксандр Храмой. — Гэта першая музычная выстава музея. Спадзяюся, што яна спадабаецца масквічам, і зыходзячы з гэтага мы будзем вызначаць далейшыя перспектывы супрацоўніцтва з Расійскім музеем музыкі».
«Песняры» — адзін з любімых маіх музычных калектываў, — падзяліўся генеральны дырэктар Расійскага нацыянальнага музея музыкі Міхаіл Брызгалаў. — У мінулым годзе мы прадстаўлялі ў Мінску выставу, прысвечаную Сяргею Рахманінаву. І тады нарадзілася ідэя зрабіць выставу ў адказ, прысвечаную «Песнярам». Нашы калегі зрабілі выставу з вялікай любоўю, тут ёсць вельмі рэдкія прадметы. Але мы таксама дабавілі свайго: калі толькі паўстала пытанне аб выставе «Песняроў», мы знайшлі ў нас у архіве рукапіс песні Ігара Лучанка, напісанай спецыяльна для «Песняроў». Не было б гэтай выставы, можа, гэты рукапіс так бы заставаўся ў архівах. Мы ўдзячны міністэрствам культуры Беларусі і Расіі, Беларускай дзяржаўнай філармоніі за дапамогу. Ну і вядома, прыезд сёння на адкрыццё Марыны Мулявінай (дачкі кіраўніка «Песняроў». — Заўвага БЕЛТА) і Уладзіслава Місевіча (музыканта легендарнага складу ансамбля. — Заўвага БЕЛТА) — гэта вялікая радасць».
У сваю чаргу, Марына Мулявіна паведаміла, што палавіна экспанатаў, якія прадстаўлены на выставе, — асабістыя рэчы Уладзіміра Мулявіна. «Упершыню я прывезла бацькаву гітару (гэта чацвёрты па ліку яго інструмент) і гітарны чахол, у якім па чарзе захоўваліся ўсе інструменты, якімі карыстаўся музыкант», — расказала яна.
«Гэта выстава, напэўна, яшчэ раз расказвае, як уральскі хлопчык палюбіў беларускую песню і зрабіў усё, каб яна стала вядомай і любімай не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі», — падкрэсліла дачка заснавальніка «Песняроў».
На выставе прадстаўлены шматлікія пласцінкі, касцюмы «Песняроў», музычныя інструменты, а таксама рэдкія фатаграфіі і іншыя дакументальныя матэрыялы, размешчаныя на 20 планшэтах. Яны падрабязна ілюструюць творчы шлях і этапы станаўлення ансамбля з моманту зараджэння і да нашых дзён, а таксама біяграфію яго мастацкага кіраўніка Уладзіміра Мулявіна.
Выстава суправаджаецца аўдыязапісамі з фондаў Расійскага нацыянальнага музея музыкі і відэаматэрыяламі з выбранымі выступленнямі ансамбля перыяду яго найбольшага росквіту (1970-1980-я гады). Сярод іх — рэдкія запісы канцэртаў, конкурсаў, тэлеперадач, а таксама фрагменты з кінафільмаў.
Выстава будзе працаваць для наведвальнікаў па 20 кастрычніка.