Як за кошт вымачак дабраць да 10 працэнтаў ураджаю. Лукашэнка азнаёміўся з тэхналогіяй на прэзідэнцкім полі | Навіны Беларусі | Беларускія навіны | Беларусь — афіцыйныя навіны | Мінск | БелТА
11 кастрычніка, Шклоўскі раён . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сваёй малой радзіме азнаёміўся з работай па безадвальнай апрацоўцы глебы ў якасці вырашэння праблемы вясенніх вымачак. Гэта дае магчымасць павялічыць пасяўныя плошчы і ў выніку сабраць ураджаю да 10 працэнтаў больш,
«Гэта тэма вельмі важная для Гомельшчыны. І на Магілёўшчыне не менш. Вясной асабліва, калі пасяўная завяршаецца, ляціш над краінай — кругом плямы, плямы, плямы. Гэта значыць пасеялі, вось на такіх вымачках — там усё гэта прапала, не ўзыходзіць. І вось уся Беларусь у такіх плямах. Такія ў нас глебы, клімат такі. Гэта не Украіна, гэта не Кубань. Мы часам прыкладна да 10 працэнтаў ураджаю губляем, — расказаў Прэзідэнт. — Мы ж не адсяваем іх потым, як была дамоўленасць у гэтым годзе. Пасеялі, гавару, ну трэба вымачкі апрацаваць, нешта там пасеяць пасля гэтага. Цяпер лятаю, бачу — як было вясной, так і засталося ў час уборкі. Рэдка якія гаспадаркі працуюць (у гэтым напрамку. — Заўвага )».
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што кожны год узворванне глебы адбываецца на глыбіню 25-30 см. «Ніжэй углыб не залазім. Утвараецца цвёрдая падэшва і вільгаць не пранікае ў глебу. Вучоныя гавораць, што трэба разбурыць гэту падэшву ўглыб ніжэй за 25-30 см. Тады вада туды пойдзе. Вынайшлі цэлы шлейф тэхнікі для гэтага. Некалькі гадоў правяралі. Вы гаворыце, што паказвае сябе добра. А я ў гэта не зусім веру, як любы вясковы чалавек, пакуль не памацаю рукамі», — растлумачыў беларускі лідар.
У выніку было вырашана на прэзідэнцкім полі паглядзець у рабоце адпаведную тэхніку.
Аб усім падрабязна Прэзідэнту расказаў кандыдат тэхнічных навук Якаў Яроцкі. Паводле яго слоў, раней зямлю аралі на глыбіню 18-20 см, і гэтага было цалкам дастаткова. Тэхніка была малой магутнасці, не цяжкая. «А сёння пайшла цяжкая тэхніка, пайшло дэфармацыйнае накапляльнае зацвярдзенне. І таму калі мы раней лічылі, што плужная падэшва — 5-6 см, то сёння даходзіць да 50 см», — канстатаваў вучоны.
Такія месцы па вясне ператвараюцца ў вадзяныя сподкі, а летам — гэта ўжо вымачкі, якія зарастаюць пустазеллем.
«І гэта пустазелле распаўсюджваецца па ўсім полі», — згадзіўся кіраўнік дзяржавы.
Якаў Яроцкі прадоўжыў: «Вядома. А потым такая плошча не выкарыстоўваецца, прадукцыі (з яе. — Заўвага ) няма».
Паводле слоў вучонага, такі прыём, як расцвярдзенне, ужо даволі даўно з’явіўся ў свеце. «На жаль, у нас пакуль у рэспубліцы цалкам тэхналогія прымянення расцвярдзення не распрацавана», — адзначыў ён.
Якаў Яроцкі агучыў шэраг практычных рэкамендацый наконт таго, як трэба дзейнічаць, адзначыўшы, што справа не толькі ў тым, каб устараніць канкрэтныя вымачкі: «Справа ў тым, што калі вільготная падэшва, выпаў вялікі дождж, то вільгаць даходзіць да зацвярдзелай праслойкі і сыходзіць у паніжэнне. А прадукцыйная вільгаць збіраецца на глыбіні 1,5-1,8 метра. Тая, якая можа падняцца дагары. Але нават калі яна там ёсць, а плужная падэшва (прысутнічае. — Заўвага ), — яна не паднімаецца да каранёвай сістэмы».
У выніку аграрыі, уносячы розныя ўгнаенні і мікраэлементы, разлічваюць атрымаць ураджай, напрыклад, у памеры 60 ц/га, а па факце маюць у два разы менш.
«Таму настолькі гэта важная праблема, што я проста вам вельмі ўдзячны. Я ўсё жыццё гэтым займаюся і ведаю добра, — сказаў вучоны, звяртаючыся да Прэзідэнта. — Сёння трэба думаць: калі мы ў севазвароце хочам атрымаць пад такія культуры, як буракі, бульба, кукуруза, рапс, высокую ўраджайнасць, там трэба выключыць плужную падэшву».
Гэты метад дае магчымасць значна павысіць аддачу і ад нізінных, нізкаўрадлівых участкаў. І добра, што тэхніка неабходная ёсць. Але, выпускаючы на поле гэту тэхніку, спачатку па ім павінен пахадзіць аграном са спецыяльным прыборам, які дазваляе даведацца, дзе і на якой глыбіні знаходзіцца плужная падэшва і якая яе таўшчыня. Пасля гэтага праводзяцца настройкі пад патрэбную глыбіню, а далей ужо, як гаворыцца, справа тэхнікі.
«Ты як вучоны лічыш, што гэта правільны шлях?» — яшчэ раз удакладніў кіраўнік дзяржавы.
«Вельмі правільны», — упэўнена адказаў Якаў Яроцкі.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым указаў, што часам у пагоні за жаданнем хутчэй даць справаздачу аб праведзенай рабоце такім рэчам не надаюць належнай увагі. «Ведаеце, псіхалогія — галоўнае хутчэй пасеяць і далажыць. Цяпер не. Канкурэнцыя высокая. Эканоміку трэба лічыць», — рэзюмаваў беларускі лідар.