Якіх змяненняў чакаць у падатковым заканадаўстве ў 2025 годзе
Фота з архіва
У Палату прадстаўнікоў паступіў на разгляд праект закона «Аб змяненні законаў», які датычыцца непасрэдна змяненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Законапраект будзе разгледжаны на другой сесіі Палаты прадстаўнікоў. Аб яго навацыях расказала член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Наталля Куляшова.
«Падатковая палітыка ў 2025 годзе будзе накіравана на забеспячэнне ўстойлівага выканання прадугледжаных бюджэтам расходных абавязацельстваў, — расказала Наталля Куляшова. — У мэтах кансалідацыі даходаў бюджэту плануецца павелічэнне ставак акцызаў на тытунёвыя вырабы і алкагольную прадукцыю. Прадугледжана індэксацыя падатковых ставак, устаноўленых у абсалютных велічынях, на прагноз росту спажывецкіх цэн. Стаўкі зямельнага падатку, падатку на нерухомую маёмасць, экалагічнага падатку, падаходнага падатку з фізічных асоб у фіксаваных сумах будуць праіндэксаваны на прагнозны сярэднегадавы ўзровень інфляцыі ў 2025 годзе».
Законапраектам забяспечваецца прывядзенне Падатковага кодэкса ў адпаведнасць з дзеючымі нормамі заканадаўства, што закранае розныя сферы: архітэктурную і горадабудаўнічую дзейнасць, пытанні дзейнасці рэлігійных арганізацый, прадпрымальніцкай дзейнасці і інш. «У прапануемай рэдакцыі праекта закона перагледжаны дзеючыя льготы для суб’ектаў гаспадарання з мэтай адмены неэфектыўных і невыкарыстоўваемых. Таксама перагледжаны парадак прымянення інвестыцыйнага выліку», — адзначыла дэпутат.
У той жа час уведзены дадатковыя прэферэнцыі для фізічных асоб па падаходным падатку: знята абмежаванне ў частцы аднаразовага атрымання маёмаснага выліку для шматдзетных сем’яў, якія ажыццяўляюць будаўніцтва або набыццё жылога дома ці кватэры. «Асобным артыкулам кодэкса пашыраны пералік маладых спецыялістаў, маладых рабочых (служачых), якія атрымалі вышэйшую, навукова арыентаваную сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю і маюць права на атрыманне стандартнага падатковага выліку. Змяненні датычацца не толькі суб’ектаў гаспадарання і фізічных асоб, але і адкарэкціраваны правы падатковых органаў, а таксама артыкулы, якія рэгулююць выкананне падатковага абавязацельства і падатковага кантролю», — падкрэсліла Наталля Куляшова.
У праекце закона ўлічаны прапановы і заўвагі профільных міністэрстваў, дзяржаўных органаў, а таксама асацыяцый і бізнес-супольнасцей.
«Усе ўносімыя змяненні, а іх даволі шмат і яны закранаюць практычна ўсе падаткі і асаблівыя рэжымы падаткаабкладання, прадыктаваны новымі, пастаянна зменлівымі працэсамі ў эканоміцы і не акажуць негатыўнага ўплыву на работу рэальнага сектара эканомікі і жыццядзейнасць нашых людзей, — дапоўніла парламентарый. — Неабходна адзначыць, што прыняцце прапануемых змяненняў падатковага заканадаўства дазволіць прыцягнуць у бюджэт у 2025 годзе дадатковыя даходы ў суме каля Br333,6 млн».
БЕЛТА.