Мастацтва аб’ядноўвае народы. Дзень нацыянальнага кіно Зімбабвэ ўпершыню прайшоў у Беларусі
Фота з архіва
5 лістапада, Мінск . У Беларусі ўпершыню прайшоў Дзень нацыянальнага кіно Зімбабвэ,
У час XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прадстаўнікі Рэспублікі Зімбабвэ паказалі фільм «Убач мяне», які расказвае пра лёсы маладых людзей, якія жывуць з ВІЧ і СНІДам. Таксама яны прадставілі свае народныя песні і танцы.
Часовы павераны ў справах пасольства Рэспублікі Зімбабвэ ў Беларусі Канісіа Таньянйіва выказаў глыбокую ўдзячнасць Беларусі за запрашэнне прыняць удзел у ХХХ Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад». «Ён сведчыць аб глыбокай удзячнасці Беларусі за добрую дружбу паміж нашымі дзвюма краінамі і адлюстроўвае цесныя адносіны паміж нашымі прэзідэнтамі», — заўважыў ён.
«Наш удзел — значны крок у правільным напрамку паглыблення адносін паміж Зімбабвэ і Беларуссю. Бо без дэманстрацыі адзін аднаму таго, што вызначае нас як народ, усё супрацоўніцтва на эканамічным і гандлёвым узроўнях можа быць проста бессэнсоўным. Дзякуй Беларусі за тое, што яна дазволіла паказаць нашу культуру», — падкрэсліў Канісіа Таньянйіва.
Паводле яго слоў, Зімбабвэ — краіна з багатай культурай і традыцыямі, унікальнай мовай, яркай прыродай і выдатнымі людзьмі.
Намеснік міністра культуры Сяргей Саракач адзначыў, што мастацтва аб’ядноўвае народы. «Геаграфія краін удзельнікаў фестывалю пашыраецца, запальваюцца новыя зоркі на небасхіле кінематографа, з’яўляюцца сумесныя кінапраекты», — дадаў ён.
«Сёння ў нас ёсць унікальная магчымасць далучыцца да стылістычных асаблівасцей кінематографа Зімбабвэ. Развіццё адносін з гэтай краінай — адна з прыярытэтных задач. У апошнія гады мы назіраем высокую інтэнсіўнасць сустрэч, абменаў візітамі высокага ўзроўню», — падкрэсліў Сяргей Саракач.
Ён выказаў упэўненасць, што двухбаковае супрацоўніцтва ў сферы культуры будзе актыўна развівацца.