Мясніковіч: Прэзідэнт паставіў амбіцыйныя задачы па павышэнні эфектыўнасці навукі і ўсёй эканомікі
Міхаіл Мясніковіч
30 ліпеня, Мінск . Прэзідэнтам пастаўлены сур’ёзныя амбіцыйныя задачы па павышэнні эфектыўнасці навукі і ўсёй эканомікі. Аб гэтым заявіў журналістам дзяржаўны дзеяч Міхаіл Мясніковіч, які раней займаў шэраг высокіх пасад, у тым ліку кіраваў НАН Беларусі, па выніках сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з рабочай групай па аналізе дзейнасці НАН,
Як расказаў Міхаіл Мясніковіч, кіраўнік дзяржавы ў ходзе мерапрыемства паставіў сур’ёзныя амбіцыйныя задачы па павышэнні эфектыўнасці не толькі навуковай сферы і Акадэміі навук, а ўсёй нацыянальнай эканомікі ў цэлым. Значную долю ў яе структуры займае экспарт тавараў. І каб яны вытрымлівалі жорсткую канкурэнцыю, карысталіся попытам, неабходна абавязкова працаваць над павышэннем якасці, асвойваць новыя тэхналогіі. «Ведаеце, наколькі моцная канкурэнцыя, свабодныя нішы (на сусветных рынках. — Заўвага ) практычна адсутнічаюць. Праблем вельмі шмат, і дабіцца выніку можна толькі за кошт павышэння якасці, — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. — Рухавіком прагрэсу і новых тавараў павінна выступаць навука і Нацыянальная акадэмія навук як ключавая структура ў навуковай сферы».
Паводле яго слоў, у час сустрэчы былі заслуханы экспертныя меркаванні, у тым ліку адносна дзейнасці Акадэміі навук, існуючых недахопаў і спосабаў іх устаранення. «Вельмі канструктыўна ўсё прайшло. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта не справаздача і не імкненне некага караць. Трэба проста шукаць новыя матывацыйныя механізмы для таго, каб павысіць якасць і канкурэнтаздольнасць нашай эканомікі. І ў аснове, вядома, павінна стаяць навука», — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.
Ён таксама абазначыў некалькі недахопаў у навуковай сферы, якія патрабуюць выпраўлення. Адзін з іх датычыцца прыярытэтаў, якія ляжаць у аснове навуковай дзейнасці і цяпер сфармуляваны вельмі шырока, што дазваляе вучоным не канцэнтраваць увагу менавіта на прарыўных праектах, а вырашаць тое, што прасцей распрацаваць і ўкараніць.
Другі момант, на які звярнуў увагу Міхаіл Мясніковіч, — укараненне інавацый у рэальным сектары. «Я лічу, што гэта адно са слабых звёнаў не толькі ў нас у краіне. Гэта праблема і ў свеце. Калі ёсць карпаратыўная навука, канструктарскія бюро — там усё ў адным. А ў нас ёсць пэўныя ведамасныя бар’еры», — сказаў ён. Каб выправіць сітуацыю, прапануецца ў якасці заказчыкаў дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм вызначаць канкрэтныя прадпрыемствы або галіны. Напрыклад, МТЗ, МАЗ, Гомсельмаш і іншыя, якія могуць сфармуляваць навуковую задачу і ўкараніць вынікі навуковых дасягненняў. «Менавіта ўкараняльнае звяно сёння трэба ўмацоўваць», — перакананы эксперт.
Дзейнічаючы ў гэтым ключы, НАН апошнім часам стварае малыя інавацыйныя прадпрыемствы, дзе спачатку апрабуе, а потым і вырабляе пэўную прадукцыю на базе сваіх распрацовак. «Гэта спрашчае пераход ад дробнатаварнай да маштабнай вытворчасці, якая павінна ажыццяўляцца ва ўмовах рэальнага сектара эканомікі. Кіраўнік дзяржавы паставіў такую задачу перад урадам», — расказаў Міхаіл Мясніковіч.
Акрамя таго, ён зрабіў акцэнт на пытаннях якасці распрацовак і інавацыйнай прадукцыі, якія набываюць асаблівую актуальнасць у бягучы Год якасці. На гэта звяртаў увагу і кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы, прыводзячы канкрэтныя прыклады тавараў, машын, механізмаў, якія вырабляюцца ў краіне. «Я лічу, што ў нас яшчэ недастаткова выбудавана вертыкаль па кіраванні якасцю і ўраду трэба гэтым сур’ёзна займацца», — сказаў Міхаіл Мясніковіч.