У свеце

Міжнародны аэрапорт сталіцы Бангладэш закрылі з-за масавых пратэстаў у краіне


Фота з архіва

5 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны аэрапорт Хазрат Шахджалал у г.Дака закрыты з-за масавых беспарадкаў. Аб гэтым паведамляе ТАСС са спасылкай на заяву выканаўчага дырэктара галоўнай паветранай гавані краіны Камрула Іслама.

Паводле яго слоў, работа аэрапорта была спынена ў 16.54 (13.54 па мінскім часе). Адзначаецца, што гэта рашэнне было прынята ў сувязі з наплывам у аэрапорт вялікай колькасці людзей пасля паведамлення аб адстаўцы прэм’ер-міністра Шэйх Хасіны.

Раней у гэты дзень стала вядома, што прэм’ер Бангладэш Шэйх Хасіна падала ў адстаўку. Паводле даных мясцовых СМІ, яна вылецела на ваенным верталёце ў Індыю, далей Хасіна адправіцца ў Лондан.

Камандуючы арміяй Бангладэш Вакер-Уз-Заман правядзе сустрэчу з прэзідэнтам краіны Шахабуддзінам Чупу для фарміравання часовага ўрада. Ён заклікаў пратэстуючых спыніць насілле і паабяцаў, што новы ўрад забяспечыць справядлівасць, расследаваўшы ўсе выпадкі смерці, што здарыліся ў час пратэстаў.

Антыўрадавыя пратэсты ўспыхнулі з новай сілай 4 жніўня ў сталіцы Бангладэш г.Дака і іншых гарадах краіны. Іх удзельнікі патрабуюць прыцягнуць да адказнасці вінаватых у гібелі людзей у ходзе ліпеньскіх акцый. Пратэстуючыя ўварваліся ў рэзідэнцыю кіраўніка МУС Асадуззамана Хана і разграмілі яе. Яны таксама штурмавалі рэзідэнцыю прэм’ер-міністра.

У пачатку ліпеня ў розных гарадах Бангладэш пачаліся выступленні студэнтаў супраць сістэмы квот на рабочыя месцы для сваякоў удзельнікаў вайны за незалежнасць 1971 года. Паступова абстаноўка ў краіне абвастрылася, маніфестацыі перараслі ў сутыкненні, у якіх у ліпені загінулі 300 чалавек. Паводле даных газеты The Daily Star, з пачатку беспарадкаў у рэспубліцы былі арыштаваны не менш за 10 тыс. чалавек.

Улады ўвялі нацыянальную каменданцкую гадзіну і аб’явілі тры дні з 5 жніўня выхаднымі. У краіне адключаецца інтэрнэт, блакіруюцца сацсеткі. Чыгунка Бангладэш прыпыніла перавозкі на нявызначаны тэрмін. Індыя на фоне палітычнага крызісу ў Бангладэш прыпыніла чыгуначныя зносіны з гэтай краінай.-0-

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть