Намеснік старшыні парламента Кубы заклікала да аб’яднання намаганняў для змякчэння наступстваў санкцый
Ана Марыя Мары Мачада
17 ліпеня, Мінск . Намеснік старшыні Нацыянальнай асамблеі народнай улады Кубы Ана Марыя Мары Мачада на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам заклікала да аб’яднання намаганняў краін для змякчэння наступстваў несправядлівых абмежавальных мер,
«Для нас, кубінцаў, ваш візіт — вялікі гонар, нам вельмі прыемна сустракаць вас сёння. З народам Беларусі нас звязваюць цёплыя, дружалюбныя, братэрскія адносіны. Наша сустрэча з’яўляецца пацвярджэннем таго, што нашы краіны аб’ядноўваюць не толькі цесныя палітычныя, эканамічныя, гандлёвыя, фінансавыя сувязі — мы змаглі таксама стварыць цесныя сувязі ў парламенцкім вымярэнні. Дарэчы, развіццё адносін з Беларуссю — у ліку прыярытэтаў знешняй палітыкі 10-га склікання парламента Кубы», — сказала Ана Марыя Мары Мачада.
Яна падзякавала беларускаму боку за нязменную пазіцыю Беларусі па падтрымцы насельніцтва Кубы ў барацьбе супраць несправядлівай эканамічнай, гандлёвай і фінансавай блакады ЗША, а таксама за тое, што Беларусь рашуча асудзіла неправамернае ўключэнне Кубы ў спіс краін — спонсараў міжнароднага тэрарызму. Намеснік старшыні Нацыянальнай асамблеі народнай улады Кубы падкрэсліла, што гэту стойкую пазіцыю Беларусі вельмі цэняць на Кубе.
«Хацела б таксама пацвердзіць, што мы асуджаем тыя абмежавальныя меры, якія ўводзяцца супраць Беларусі, — заявіла яна. — Жыццё паказвае, што краіны, на якія распаўсюджваюцца такія меры, павінны аб’ядноўвацца, будаваць больш трывалыя адносіны, каб разам змякчыць удар».
«Упэўнена, што ваш візіт прынясе добрыя навіны ў галіне двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку эканамічнага, гандлёвага», — рэзюмавала Ана Марыя Мары Мачада.
Фота Паўла Арлоўскага