Падыходы Беларусі да пашырэння «Пояса і Шляху», міжрэгіянальныя сувязі. Рыжанкоў наведаў кітайскі Ганконг
Максім Рыжанкоў. Фота МЗС
12 верасня, Мінск . Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў 12 верасня ў якасці галоўнага спікера выступіў на пленарнай сесіі саміту «Пояс і Шлях» у кітайскім Ганконгу, прысвечанай тэматыцы «Асваенне рынкаў з новымі магчымасцямі». Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе МЗС.
Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства расказаў аб падыходах Беларусі да пашырэння ініцыятывы «Пояс і Шлях», падкрэсліўшы яе стваральны зарад, ролю ва ўмацаванні патэнцыялу краін, што складаюць сусветную большасць.
Міністр падкрэсліў згубнасць дэструктыўных падыходаў, якіх цяпер прытрымліваецца калектыўны Захад і, у прыватнасці, ЕС, выказаўшы надзею на змяненне сітуацыі.
На палях саміту адбыўся шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўнікамі дэлегацый Малайзіі, Камбоджы, Бахрэйна.
Праграма другога дня рабочага візіту міністра ўключала сустрэчы з ганконгскімі партнёрамі, з якімі ў рамках эканамічнага парадку дня абмеркаваны стан двухбаковага гандлёвага супрацоўніцтва, адзначана пазітыўная дынаміка гандлю таварамі і паслугамі паміж Беларуссю і кітайскім САР Ганконг, павелічэнне дзелавой актыўнасці. Былі намечаны новыя напрамкі і фарматы ўзаемадзеяння ў гандлі і інвестыцыйнай сферы.
У ходзе сустрэчы са спецыяльным упаўнаважаным Міністэрства замежных спраў Кітайскай Народнай Рэспублікі ў САР Ганконг (у рангу намесніка міністра замежных спраў) Цуй Цзяньчунем бакі абмеркавалі шырокі парадак дня супрацоўніцтва дзвюх краін, акцэнтаваўшы ўвагу на эфектыўных рэгіянальных сувязях, міжведамасных кантактах, асваенні патэнцыялу гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага ўзаемадзеяння з Ганконгам і раёнам Вялікага заліва Гуандун — Ганконг — Макаа, у тым ліку ў падрыхтоўцы і рэалізацыі праектаў ініцыятывы «Пояс і Шлях». Былі таксама падведзены вынікі першага ў гісторыі візіту кіраўніка беларускага МЗС у кітайскі САР Ганконг.