Пасол Беларусі ўручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Расіі
Фота РІА «Навіны»
5 лістапада, Масква /Эдуард Півавар . Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Аляксандр Рагожнік 5 лістапада ўручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну. Урачыстая цырымонія прайшла ў Аляксандраўскай зале Вялікага Крамлёўскага палаца,
Разам з паслом Беларусі даверчыя граматы ўручылі прадстаўнікі яшчэ 27 дзяржаў. У іх ліку — новапрыбыўшыя паслы Арменіі, Азербайджана, Кыргызстана, Індыі, Канады, Японіі, Італіі, Ізраіля, Іспаніі, Аргенціны, Нідэрландаў, Бельгіі, Зімбабвэ, Кеніі і іншых краін. Звычайна аналагічнае мерапрыемства праводзіцца некалькі разоў на год. Аднак цяперашняя цырымонія — першая ў 2024 годзе. Мінулы раз Уладзімір Пуцін прымаў даверчыя граматы ў новых паслоў замежных краін 4 снежня 2023 года.
Аляксандр Рагожнік уручыў копіі даверчых грамат у МЗС Расіі 8 ліпеня. З гэтага дня ён афіцыйна пачаў выкананне абавязкаў пасла Беларусі ў Расіі.
Прымаючы даверчыя граматы, Прэзідэнт Расіі сцісла ахарактарызаваў адносіны з дзяржавамі, паслы якіх удзельнічалі ў цырымоніі. «Рад бачыць паслоў Беларусі, Кыргызстана, Арменіі, Азербайджана. Гэтыя дзяржавы з’яўляюцца бліжэйшымі суседзямі, самымі добрымі сябрамі, стратэгічнымі партнёрамі і саюзнікамі Расіі. З іх лідарамі мы сустракаліся зусім нядаўна, у кастрычніку ў Маскве, у ходзе саміту СНД. Яшчэ па традыцыі збяромся ў канцы снежня, каб падвесці вынікі года і намеціць планы на перспектыву», — сказаў Уладзімір Пуцін.
«А ў 2025 годзе сумесна адзначым 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, уклад у дасягненне якой унеслі народы ўсіх дзяржаў Садружнасці», — падкрэсліў ён.
Звяртаючыся да пасла Беларусі, Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што апошні час братэрскія расійска-беларускія адносіны атрымалі сапраўды высокую дынаміку. «Дарэчы, у снежні спаўняецца 25 гадоў з дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюжнай дзяржавы, і ў Мінску пройдзе прымеркаванае да гэтага юбілею пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы», — паведаміў ён.
«Карыстаючыся выпадкам, пажадаю беларускім сябрам паспяховага правядзення запланаваных на студзень наступнага года прэзідэнцкіх выбараў», — дадаў Прэзідэнт Расіі.
У час цырымоніі Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія адкрыта для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі без выключэння дзяржавамі на прынцыпах раўнапраўя, неўмяшання ва ўнутраныя справы і няўхільнага выканання міжнароднага права. «Масква выступае за фарміраванне справядлівай сістэмы сусветных эканамічных адносін, свабодных ад нядобрасумленнай канкурэнцыі, аднабаковых нелегітымных санкцый і палітычна матываваных абмежаванняў», — падкрэсліў ён. Расійскі лідар запэўніў, што Расія не імкнецца да канфрантацыі і верыць, што на Захадзе атрымае перавагу рацыянальны, узважаны погляд на супрацоўніцтва.