Сіноптыкі расказалі, калі беларусам чакаць першых асенніх замаразкаў
Фота з архіва
20 верасня, Мінск . Сіноптыкі расказалі, калі беларусам чакаць першых асенніх замаразкаў. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
«У ноч на панядзелак, 23 верасня, у асобных раёнах Беларусі не выключана верагоднасць першых асенніх замаразкаў», — прагназуюць сіноптыкі.
У бліжэйшыя выхадныя і першую палавіну наступнага рабочага тыдня ў Беларусі тэмпературны рэжым істотна не зменіцца. Ён па-ранейшаму будзе перавышаць сярэднія шматгадовыя значэнні на 1-6 градусаў у асноўным за кошт дзённага прагрэву паветра да ўзроўню летніх адзнак плюс 19-26 на фоне вобласці павышанага атмасфернага ціску.
Толькі 22-23 верасня, у нядзелю і панядзелак, у выніку паступлення халаднаватага паветра з паўночных шырот, тэмпературны фон крыху панізіцца і ў начны час будзе вагацца ад плюс 1 да плюс 11, а ў ноч на панядзелак, 23 верасня, у асобных раёнах па паўночным усходзе пры ўмове праясненняў не выключана верагоднасць першых асенніх замаразкаў да мінус 2.