Тэлевізійныя кабелі і згарэлыя галубы. Успамінаем самыя яркія праколы на цырымоніях адкрыцця Алімпіяд
Сёння ў Парыжы адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця XXXIII летніх Алімпійскіх гульняў. Пачатковы акт Алімпіяды заўсёды вызначаецца арыгінальнасцю, маштабнасцю і яркасцю, аднак часам гэта дзейства праходзіць далёка не па плане. Успамінаем забаўныя (а часам і не вельмі) інцыдэнты, якія адбываліся на цырымоніях адкрыцця Алімпіяд.
Высокія цэны на білеты адштурхнулі гледачоў
Цырымоніі адкрыцця збіраюць на трыбунах дзясяткі тысяч чалавек, а жадаючых апынуцца на такім дзействе напэўна ў разы больш. Так было, урэшце, не заўсёды. Напрыклад, калі ў далёкім 1920 годзе Гульні прымаў бельгійскі Антверпен, за цырымоніяй назірала ўсяго тысяча чалавек. У чым жа справа?
Адказ просты: занадта высокія цэны на білеты. Улічваючы, што тады Еўропа яшчэ аднаўлялася пасля Першай сусветнай вайны, далёка не кожны чалавек мог дазволіць сабе хаць б хлеб, не гаворычы ўжо аб відовішчах.
На гонар арганізатарам, якія атрымалі горкі вопыт цырымоніі адкрыцця, на самі спаборніцтвы балельшчыкаў пускалі ўжо бясплатна. Праўда, на кінахроніцы назаўсёды засталіся кадры практычна пустога стадыёна, па якім маршыравалі каманды.
Згарэлыя галубы і канец традыцыі
XXIV летнія Алімпійскія гульні ў паўднёвакарэйскім Сеуле запомніліся не толькі заканчэннем масавага байкоту рознымі зборнымі камандамі, але і жудасным інцыдэнтам на цырымоніі адкрыцця.
Да старту тых Гульняў існавала прыгожая традыцыя запуску белых галубоў у знак міру ва ўсім свеце. Ад яе вырашылі не адмаўляцца і ў Паўднёвай Карэі. Доўгія тыдні арганізатары шукалі белых галубоў па ўсёй краіне і нават у сумежных дзяржавах. Аднак у выніку выпушчаныя птушкі не сталі пакідаць межы стадыёна, а некаторыя з іх наогул прымасціліся ў чашы алімпійскага агню. Факеланосцы не змаглі спудзіць птушак, і частка з іх згарэла пры запальванні полымя. З таго часу ад традыцыі выпуску белых галубоў арганізатары Гульняў вырашылі адмовіцца.
Як тэлевізійшчыкі амаль не сарвалі запальванне агню
Зімовыя Гульні ў італьянскім Карціна-д’Ампеца сталі аднымі з першых, якія актыўна трансліраваліся на тэлебачанні. Але тэхналогіі тады былі вельмі далёкія ад сучасных — кіламетры правадоў, масіўныя камеры…
Паводле задумы арганізатараў шоу, алімпійскі агонь павінен быў запаліць канькабежац Гвіда Каролі. Зразумела, да чашы яму трэба было ехаць на каньках. Аднак гладка дабрацца не атрымалася: на адным з участкаў Гвіда спатыкнуўся аб тыя самыя тэлевізійныя правады і ўпаў на лёд.
На шчасце, усё закончылася добра. Спартсмен хутка падняўся і ўсё ж такі дабраўся да пункта прызначэння.
Як «фанера» над Пекінам
Цырымонія адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Пекіне ў 2008 годзе адбылася на адным з самых прыгожых стадыёнаў свету — «Птушыным гняздзе». Само мерапрыемства запомнілася вельмі яркім шоу, якое заваявала сэрцы гледачоў. Але не толькі.
У адным з нумароў на сцэне з’явіўся знакаміты піяніст Лан Лан. Ён сумесна з пяцігадовай Лі Муцзы павінен быў сыграць кампазіцыю, напісаную спецыяльна пад цырымонію. Выклікаў цікавасць і сам музычны інструмент. Яго вырабілі канадскія спецыялісты, якія выразалі фартэпіяна з суцэльнага кавалка крышталя.
Праўда, у час ігры гледачы нешта заўважылі. Уся справа ў тым, што ніякага жывога выканання не было — дуэт сыграў пад фанаграму. Але варта аддаць належнае: цырымонію адкрыцця гэта ніяк не сапсавала.
Чаму каралева Нідэрландаў не захацела адкрываць Алімпіяду
Існуе традыцыя, па якой адкрываць Гульні павінен кіраўнік прымаючай дзяржавы. Гэтага правіла прытрымліваюцца заўсёды. А вось у 1928 годзе, калі спаборніцтвы праходзілі ў нідэрландскім Амстэрдаме, адбылося нечаканае. Каралева Вільгельміна адмовілася ўдзельнічаць у цырымоніі, спаслаўшыся на тое, што не хоча мець дачынення да «язычніцкіх ігрышчаў». Як аказалася, з’яўляючыся ідэйнай хрысціянкай, яна шчыра лічыла Алімпіяду ледзь не параджэннем д’ябла.
Адказваць давялося мужу Вільгельміны — прынцу Хенрыку Аранскаму, што ён з гонарам і зрабіў.
Чужы сярод сваіх у Лондане
У 2012-м Гульні адбыліся ў сталіцы Вялікабрытаніі. Адкрытымі праваламі цырымонія адкрыцця не запомнілася: шоу прайшло гладка і ярка. А вось служба бяспекі мерапрыемства дала проста жудасны збой.
У час парада атлетаў увага немалой часткі гледачоў была прыкавана да дэлегацыі Індыі. І гэта цікавасць была вытлумачальная, паколькі адна дзяўчына, якая маршыравала ў калоне, сваім знешнім выглядам значна кантраставала з атлетамі. Замест традыцыйнага адзення на ёй былі куртка і джынсы.
Пазней высветлілася, што незнаёмка — студэнтка мясцовага ўніверсітэта, якая вырашыла такім незвычайным чынам паўдзельнічаць у Алімпіядзе. Далей адбыліся сур’ёзныя разборкі ў службе бяспекі Гульняў. Праўда, гісторыя закончылася добра.
Ці заснуў Дзмітрый Мядзведзеў?
Цырымонія адкрыцця зімовых Гульняў 2014 года ў Сочы, якая стала адной з самых дарагіх у гісторыі, запомнілася як мінімум двума праколамі.
Паводле задумы арганізатараў, у час з’яўлення на сцэне пяці вялізных сняжынак, яны павінны былі ператварыцца ў алімпійскія кольцы. Але адна з іх так і не раскрылася. У трансляцыі гэтага прыкметна не было: у «тэлевізар» уставілі кадры з падрыхтоўкі. Хоць, дзеля справядлівасці, і гледачы на стадыёне не адразу зразумелі, што нешта ідзе не так.
Іншы цікавы момант датычыцца таго, ці заўважыў гэта тагачасны прэм’ер-міністр Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў? У хуткім часе пасля моманту са сняжынкай кіраўніка расійскага ўрада зняла камера. І ў многіх узнікла ўражанне, што прэм’ер… заснуў. На тэлевізійным малюнку былі добра відаць прыкрытыя вочы Мядзведзева.
Дарэчы, кейс з нераскрытай сняжынкай пазней выкарыстоўвалі ў якасці піяру. Арганізатары з гумарам падышлі да інцыдэнту, і на цырымоніі закрыцця практычна паўтарылі трук. У час танца выканаўцы таксама сфарміравалі пяць сняжынак, апошняя з якіх раскрылася далёка не адразу.
Фіны без сцяга і скандал з каралём
Пад канец яшчэ раз зазірнём у Лондан. Праўда, узору 1908 года, калі сучасны алімпійскі рух толькі набіраў абароты. Тут адбылося адразу два знакавыя інцыдэнты.
У тых Гульнях прымалі ўдзел спартсмены з Вялікага Княства Фінляндскага, якое на той момант уваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Вось і атрымалася, што фіны на цырымоніі адкрыцця прамаршыравалі без сцяга. Ім прапаноўвалі несці імперскі трыкалор, але сцяганосец Бруна Цыліякус рабіць гэтага не захацеў. Урэшце, пэўная логіка ў гэтым учынку ёсць, бо каманда Расійскай імперыі на тыя Гульні не паехала.
Другі кейс таксама быў звязаны са сцягамі, але быў больш скандальным. Незразумела якім чынам, але арганізатары цырымоніі адкрыцця пераблыталі сцягі Кітая і ЗША, вымусіўшы амерыканскую каманду ісці на парадзе спартсменаў пад сцягам азіяцкай каманды. З-за гэтага амерыканскі сцяганосец Ральф Роўз адмовіўся схіляць сцяг перад каралём Вялікабрытаніі Эдуардам VII, што патрабавалася згодна з этыкетам. Скандал быў грандыёзным. І вішанька на торце: Кітай, як і Расійская імперыя, на тых Гульнях не выступаў.
На лодках і часткова бясплатна. Як пройдзе адкрыццё Алімпійскіх гульняў у Парыжы
Вядома, што цырымонія адкрыцця Гульняў 2024 года пройдзе ў самым цэнтры Парыжа — на рацэ Сене. Дэлегацыя кожнай краіны праплыве па рацэ на асобнай лодцы. Гледачы, дзякуючы камерам, змогуць убачыць спартсменаў. Імправізаваны парад колькасцю крыху больш за 10 тыс. атлетаў пройдзе па Сене шэсць кіламетраў.
Частка набярэжных удалечыні ад Сены будзе ў адкрытым доступе. Там установяць вялізныя экраны, каб балельшчыкі змаглі атрымаць асалоду ад відовішча ў поўнай меры. Заключнае дзейства пройдзе перад Тракадэра, адкуль адкрываецца адзін з лепшых відаў на знакамітую Эйфелеву вежу.
Чакаецца, што па тэлебачанні цырымонію паглядзяць амаль 1,5 млрд чалавек. На жаль, беларускія спартсмены ўдзел у цырымоніі не прымуць.