Культура

Выставу жывапісу Анатоля Отчыка прадставяць у Мінску 3 кастрычніка


Фота арганізатара

2 кастрычніка, Мінск . Персанальную выставу жывапісу мастака Анатоля Отчыка «Знітаваная прастора», прымеркаваную да яго 75-годдзя, прадставяць у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску 3 кастрычніка, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

На выставе будзе прадстаўлена каля 80 работ. Сярод іх — рэалістычныя пейзажы, партрэты, нацюрморты, тэматычныя карціны, а таксама кампазіцыі, блізкія да канцэптуальнага і абстрактнага мастацтва. Яго цікавіць гісторыя роднага краю з яе вялікімі помнікамі: «Полацкі матыў», «На полацкай зямлі», «Мінулае Турава», «Мелодыі тураўскіх храмаў», а таксама час Вялікай Айчыннай вайны — «Ніколі не забудзем», «Успамін», «Фотаздымак на памяць».

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык растлумачыў, што ў экспазіцыю ўвайшлі работы мастака, створаныя за апошнія 15 гадоў. «Анатоль Уладзіміравіч раней займаўся плакатам, а потым пайшоў у жанравы жывапіс, таму глядач убачыць яго творы розных тэматык і жанраў. У яго шматгранная творчасць. Ён даволі шмат падарожнічаў і адлюстроўваў гэта ў сваёй творчасці», — адзначыў Глеб Отчык.

Паводле яго слоў, аўтарскія работы Анатоля Отчыка прызнаны на вялікіх пляцоўках. Яны выстаўляліся і на вялікіх пляцоўках расійскіх музеяў, і ў сур’ёзных галерэях Італіі, Францыі, іншых заходніх краін. Ён аўтар 13 персанальных выстаў. Прымаў удзел у 60 абласных, рэспубліканскіх і міжнародных пленэрах жывапісу. Яго імя шырока ведае публіка Расіі і Захаду, але ў нас не так папулярызаваны і маштабна не выстаўляўся.

Анатоль Уладзіміравіч нарадзіўся 7 ліпеня 1949 года ў вёсцы Шыічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. У 1972 годзе скончыў Пензенскае мастацкае вучылішча імя К.А.Савіцкага, у 1997 годзе — Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Мастак часта даследуе тэму гісторыі роднага краю, яго сацыяльныя і экалагічныя праблемы. У жывапісных пейзажах ён імкнецца перадаць хараство палескай прыроды. Ідэйны змест яго твораў напоўнены філасофскімі роздумамі пра шлях чалавека да бога, сэнс жыцця і сувязь чалавека з радзімай.

Афіцыйнае адкрыццё выставы ўрачыста пройдзе 8 кастрычніка ў 18.00. На ім плануюць прысутнічаць госці з Расіі. Экспазіцыя прадоўжыць работу да 27 кастрычніка.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть