У «Белэнерга» расказалі аб ходзе планавага рамонту на другім энергаблоку БелАЭС
Фота з архіва
12 верасня, Мінск . Работы па планава-папераджальным рамонце другога энергаблока БелАЭС вядуцца ў кругласутачным рэжыме. Аб гэтым заявіў на прэс-канферэнцыі намеснік галоўнага інжынера ДВА «Белэнерга» Аляксандр Міхнюк,
«У адпаведнасці з каляндарным сеткавым графікам энергаблок нумар 2 Беларускай АЭС знаходзіцца ў рамонце з працягласцю 76 сутак. Работы вядуцца ў кругласутачным рэжыме», — сказаў Аляксандр Міхнюк.
У ДВА «Белэнерга» і арганізацыях, якія ўваходзяць у яго склад, выдадзены загады аб падрыхтоўцы да работы ў асенне-зімовы перыяд 2024-2025 гадоў. Зацверджаны і прыняты для выканання арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, аб’ёмы работ па замене і будаўніцтве цеплавых сетак, аб’ёмы запасаў топачнага мазуту, графікі выканання рамонту будынкаў і збудаванняў, энергетычнага і тэхналагічнага абсталявання на аб’ектах электраэнергетыкі. Створаны аператыўныя групы па каардынацыі правядзення падрыхтоўчых і рамонтных работ, стварэння неабходных запасаў паліва, а таксама часовыя рабочыя групы па забеспячэнні рацыянальных рэжымаў цеплазабеспячэння спажыўцоў, эканомнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў і камісіі па праверцы гатоўнасці філіяла прадпрыемства да работы ў зімовы перыяд.
Паводле слоў прадстаўніка «Белэнерга», цяпер вядзецца рамонт на 25 тэхналагічных збудаваннях. Выкананы рамонт на 39 з запланаваных 65 збудаванняў. Праводзіцца капітальны рамонт 112 адзінак электратэхнічнага абсталявання. Выкананы рамонт 68 адзінак з запланаваных 209.
Што датычыцца павышэння надзейнасці электратэхнічнага абсталявання, работы выконваюцца ў адпаведнасці з зацверджанымі графікамі. Асноўны аб’ём рамонтаў запланаваны да выканання на другі-чацвёрты квартал бягучага года. Па электрычных сетках паветраных ліній 0,4750 кВ выкананне капітальных рамонтаў за студзень-жнівень 2024 года склала 58,1 працэнта, або 12751 км. Выканана замена і ізаляцыя цеплавых сетак у аб’ёме 211,8 км (амаль 81 працэнт гадавога плана). На 12 верасня 2024 года эксплуатацыйныя запасы топачнага мазуту пры заданні 254 тыс. т склалі 261,8 тыс. т.
Праведзена абследаванне на прадмет стану пажарнай бяспекі будынкаў, збудаванняў, памяшканняў, тэрыторый, утрымання шляхоў эвакуацыі на ўсіх аб’ектах, уключаючы вытворчыя і сельскагаспадарчыя філіялы. Для забеспячэння ліквідацыі пажараў у арганізацыі створаны рэзервы матэрыяльных рэсурсаў, забяспечана тэхнічнае абслугоўванне, рамонт і прывядзенне ў гатоўнасць 3278 сістэм пажарнай аўтаматыкі.
Па стане на 10 верасня арганізацыямі ДВА «Белэнерга» ў Дзяржэнерганаглядзе атрымана 268 пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц (гэта 100 працэнтаў) і 96 пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі (таксама 100 працэнтаў). Такім чынам, ДВА «Белэнерга» да пачатку ацяпляльнага сезона падрыхтавана, падкрэсліў Аляксандр Міхнюк.