Культура

Споўнілася 75 гадоў з дня заснавання Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы


Фота Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы

29 ліпеня, Мінск . Сёння спаўняецца 75 гадоў з дня заснавання Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Мінску.

Гісторыя бібліятэкі пачалася 29 ліпеня 1949 года. У гэты дзень Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў прыняў рашэнне аб адкрыцці гарадской бібліятэкі, якая пачала сваю дзейнасць у летняй чытальнай зале парку імя М.Горкага. Бібліятэка адкрыла свае дзверы для чытачоў 15 студзеня 1952 года. За год яна абслужыла 7072 наведвальнікі.

2 сакавіка 1952 года газета «Мінская праўда» паведаміла жыхарам сталіцы, што на вуліцы К.Маркса, 8 адбылося наваселле бібліятэкі. У тым жа годзе ёй было прысвоена імя Я.Купалы. На той момант бібліятэка займала плошчу 228 кв.м., чытальная зала была разлічана на 100 месцаў. На дзень адкрыцця бібліятэчны фонд налічваў каля 17 тыс. экзэмпляраў.

У 1950-60-я гады інтэнсіўна фарміраваўся яе кніжны фонд. На 1 студзеня 1958 года ён налічваў 62089 экзэмпляраў кніг.

У 1976 годзе пачаўся новы этап у развіцці бібліятэкі — яна пераехала ў новае прасторнае памяшканне на вуліцы В.Харужай, 16. Бібліятэка ператварылася ў сапраўдны сацыяльна-культурны цэнтр для жыхароў сталіцы. У яе вялікаяй утульнай актавай зале праводзіліся цікавыя сустрэчы з пісьменнікамі і іншымі вядомымі людзьмі, працаваў кіналекторый, збіраліся кнігалюбы, іграла музыка. Таксама існавалі розныя клубы і гурткі.

У 1979 годзе статус бібліятэкі змяніўся — яна ўзначаліла Цэнтралізаваную сістэму дзяржаўных публічных бібліятэк г.Мінска.

У пачатку 1980-х гадоў у бібліятэцы праводзіліся літаратурна-музычныя салоны на цікавыя тэмы і з незвычайнай падачай матэрыялу.

Сёння дыяпазон чытацкай аўдыторыі вельмі шырокі як ва ўзроставым, так і ў прафесійным і адукацыйным планах. З кожным годам расце аб’ём электронных і аўдыядакументаў. Бібліятэка з’яўляецца метадычным цэнтрам для публічных бібліятэк.

Усе тэхналагічныя працэсы ў бібліятэцы аўтаматызаваны. Гэта дазваляе хутка апрацоўваць і перадаваць карыстальнікам новую кнігу.

Бібліятэка клапоціцца аб стварэнні агульнадаступнай культурнай прасторы. Яе дзверы заўсёды адкрыты для тых, хто хоча з карысцю правесці час. Бібліятэка рэгулярна праводзіць прэзентацыі новых кніг, сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, творчымі калектывамі, таленавітымі людзьмі, дні адкрытых дзвярэй, інфармацыйныя дні і г.д.

У нашы дні бібліятэка займае важнае месца ў культурным жыцці Мінска. Яна з’яўляецца інфармацыйным і культурным цэнтрам, садзейнічае адукацыйнаму працэсу, развіццю нацыянальнай культуры, захаванню гісторыка-культурнай спадчыны, ажыццяўляе краязнаўчую дзейнасць.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть