Культура

Нацыянальны каларыт і традыцыі. Выяўленчае мастацтва Мардовіі прадставілі ў НММ

29 жніўня, Мінск . У Нацыянальным мастацкім музеі 28 жніўня адкрылася выстава «Выяўленчае мастацтва Мардовіі», арганізаваная пры ўдзеле Мардоўскага рэспубліканскага музея выяўленчых мастацтваў імя С.Д.Эрзі і Саюза мастакоў Рэспублікі Мардовія,

Выстава з’яўляецца працягам супрацоўніцтва. Так, у лістападзе-снежні 2023 года сучаснае беларускае мастацтва прадстаўлялася ў Мардовіі. Тады гледачу прапанавалі своеасаблівы брэнд нашага мастацтва — графіку. І яна атрымала там папулярнасць. Цяпер праект прыехаў да нас.

Як расказала генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава, у выставачнай зале прысутнічаюць розныя віды і жанры выяўленчага мастацтва Мардовіі: «Тут жывапіс, графіка, аўтэнтычны касцюм з элементамі сучаснага мадэлявання. Шырока прадстаўлена дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, якое вельмі характэрна для мастацтва Мардовіі».


Паводле слоў Ганны Конанавай, аб’ядноўвае два музеі і дзве выставы любоў да традыцый, нацыянальных рыс і каларыту. «Падбор твораў быў такі, каб максімальна праз метады і падыходы мастакоў раскрыць нацыянальны каларыт краіны. Я думаю, што нам гэта ўдалося ў такім сумесным узаемадзеянні. Сённяшняя выстава вельмі сакавітая і па каляровым гучанні, і па традыцыйных падыходах, і па сучасных методыках», — расказала яна.

Дырэктар Мардоўскага музея выяўленчых мастацтваў імя С.Д.Эрзі Людміла Нарбекава падзялілася, што выстава пазнаёміць беларусаў з каранямі Мардовіі. «Пераемнасць — гэта аснова асноў любой дзяржавы і народа. І мы, мастакі, расказваем пра гэта. Кожны расказвае гісторыю сваёй сям’і, таму тут шмат аўтабіяграфічных работ. І я думаю, што жыхары і госці Мінска з радасцю прыйдуць і пазнаёмяцца», — сказала яна.

Людміла Нарбекава таксама падкрэсліла, што «дружба Беларусі і Мардовіі, супрацоўніцтва ва ўсіх галінах архіважнае».


Выстава ў музеі паказвае гледачу работы знакамітых і вядомых мастакоў Мардовіі. Некаторыя з іх далучыліся да адкрыцця. Так, мастак Уладзімір Ванічкін прывёз работу «Малітва за Расію». Ён сказаў, што выбраў гэту работу, таму што хацеў падзяліцца сваімі перажываннямі. «Спачатку я ўбачыў малітву манашак у манастыры і на працягу некалькіх месяцаў прапрацоўваў эскізы. А пасля нарадзілася такая карціна, на якой манашка моліцца за ўсю Расію. Гэта важна цяпер, у такі складаны час, паколькі выставы натхняюць чалавека і рухаюць яго па жыцці, як і рэлігія», — лічыць мастак.

Таксама свае працы прадставіў заслужаны работнік культуры Рэспублікі Мардовія Хафіз Бікбаеў. Ён расказаў, што яго любімая тэма — татарскі побыт і прадметы татарскай даўніны. «Сам я татарын, і нас вельмі шмат у Мардовіі. Я езджу па сёлах і калі ўдаецца знайсці нейкія рэчы, то рэстаўрырую і калекцыяную іх. А потым выкарыстоўваю ў сваіх нацюрмортах. Так, адна з карцін мае назву «Свет старых рэчаў». На ёй старадаўні калаўрот, збан, абвязаны вяроўкамі, лапці, дарожка. Усё гэта на фоне печы.

Пазнаёміцца ​​з нацыянальнай культурай Мардовіі ў Мастацкім музеі можна да 29 верасня.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть