Палітыка

Кіраўнік МЗС Беларусі пра адносіны з Літвой: пакуль не позна, трэба адысці ад краю бездані


Фота з архіва

26 верасня, Мінск . Афіцыйны Мінск заклікае Літву, пакуль не позна, адысці ад краю бездані і вярнуцца да канструктыўнага супрацоўніцтва. Аб гэтым гаворыцца ў артыкуле міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова, апублікаваным «СБ. Беларусь сегодня», .

«Беларускі народ вельмі цярплівы і дружалюбны. У Мінску ёсць дакладнае разуменне таго, што, пакуль не позна, трэба адысці ад краю бездані і вярнуцца да канструктыўнага супрацоўніцтва. Прычым рабіць гэтыя крокі літоўскаму боку трэба ўжо сёння, паколькі па многіх напрамках як у эканоміцы, лагістыцы, так і ў сферы міжчалавечых кантактаў мы можам проста падысці да кропкі невяртання. Гэтага гісторыя нам не даруе», — гаворыцца ў публікацыі.

Максім Рыжанкоў адзначыў, што Мінск неаднаразова даводзіў да літоўскага боку гатоўнасць да кансультацый з Вільнюсам па аднаўленні нармальнага добрасуседскага ўзаемадзеяння. «Мы гатовы да аднаўлення кантактаў па лініі пагранічных і спецыяльных службаў, галіновых ведамстваў, міністэрстваў замежных спраў. Можам пачаць работу па лініі парламентарыяў, любых упаўнаважаных літоўскіх дэлегацый. Гатовы да распрацоўкі дарожнай карты па разблакіраванні супрацоўніцтва па асобных напрамках, зразумела, на прынцыпах павагі суверэнітэту і незалежнасці Беларусі і яе права на ўласны шлях развіцця ў супрацоўніцтве з партнёрамі», — заявіў ён.

У публікацыі таксама падкрэсліваецца, што беларусам і літоўцам няма чаго дзяліць у сваёй агульнай гісторыі, пачынаючы з пражывання на розных этапах у адной дзяржаве і аж да сённяшняга дня. «Так, у канцы ХХ стагоддзя знешнепалітычныя прыярытэты нашых краін разышліся. Разам з тым гэта не перашкодзіла нам выбудоўваць адносіны на прынцыпах павагі права кожнай дзяржавы ўступаць у міжнародныя палітычныя, эканамічныя і абарончыя саюзы, не парушаючы пры гэтым дасягнутай атмасферы добрасуседства і даверу», — адзначыў кіраўнік беларускага МЗС.

Беларусь і сёння прадаўжае паслядоўна прытрымлівацца гэтага вектара ў двухбаковых адносінах. «Аднак палітыкі, якія знаходзяцца ва ўладзе ў Вільнюсе, самастойна ці па падказцы звонку выбралі іншы шлях, мэта якога — змена палітычнага курсу ў Беларусі. Відавочна, што гэта мэта з’яўляецца абсалютна недасягальнай, паколькі не мае галоўнага складніка — падтрымкі беларускага народа. Пры гэтым вялікія выдаткі ад гэтага бессэнсоўнага процістаяння мае ў тым ліку сама Літва», — звярнуў увагу Максім Рыжанкоў.

Паводле яго слоў, штогадовыя прамыя страты літоўскай эканомікі ад разрыву сувязей з Беларуссю ацэньваюцца амаль на $1 млрд: «І гэта не мяжа! Сярод найбольш значных наступстваў — катастрафічны ўдар па транзітнай галіне Літвы, рабоце Клайпедскага порта і Літоўскіх чыгунак, скарачэнне літоўскага экспарту, рэзкае пагаршэнне эканамічнага становішча прадпрыемстваў, якія працавалі ў кааперацыі з беларускімі партнёрамі ў розных галінах, страты турыстычнага бізнесу».

Пры гэтым, калі глядзець глыбей, то страты простых літоўцаў значна вышэйшыя. «Ці перашкодзяць літоўцам такія неабходныя, асабліва ў рэгіёнах, пастаўкі па разумных цэнах паліўных пелет, дроў, угнаенняў, нафтапрадуктаў, прадуктаў харчавання, лекавых прэпаратаў. Не сакрэт, што многія жыхары Літвы, у тым ліку не такія забяспечаныя, знайшлі ў бязвізавым рэжыме добрую падмогу для няхітрых закупак у прыгранічных беларускіх рэгіёнах. Ці не гэта, разам з праўдай аб нашай краіне, стала асноўным матывам для літоўскіх улад прыкладаць столькі намаганняў для закрыцця пагранпераходаў, скарачэння аўтобусных зносін», — заўважыў кіраўнік МЗС.

Пакутуюць таксама бізнесмены, якія рэалізоўвалі ў Беларусі прыбытковыя праекты з літоўскімі інвестыцыямі. Акрамя таго, размова ідзе і пра зразумелую кожнаму літоўцу страту чалавечых кантактаў, спыненне сумесных культурных, навуковых, адукацыйных і спартыўных праектаў.

«Сітуацыя абсалютна ненармальная. Парадокс у тым, што самі жыхары Літвы, многія з якіх актыўна наведваюць Беларусь у рамках бязвізавага рэжыму, таксама шчыра не разумеюць, што адбываецца, навошта ўсё гэта патрэбна літоўскаму кіраўніцтву, — канстатаваў Максім Рыжанкоў. — У бягучых умовах мы не сядзім склаўшы рукі. Беларусь вымушана і вельмі паспяхова дыверсіфікуе свае эканамічныя сувязі. А вось літоўская эканоміка, арыентаваная на сектар паслуг, можа панесці ўстойлівыя доўгатэрміновыя страты, якія будуць накоплівацца. Пры гэтым рана ці позна кампенсацыйныя выплаты пацярпелым сектарам літоўскай эканомікі проста закончацца і наступствы ўжо цяжка будзе скрываць».

«У інтарэсах народаў дзвюх краін Беларусь, нягледзячы на ўвесь гэты бессэнсоўны і абсалютна неапраўданы націск, па-ранейшаму зацікаўлена ў нармальным раўнапраўным дыялогу з літоўскімі суседзямі», — заявіў міністр.

Разам з гэтым ён канстатаваў, што пытанне наяўнасці ў Літве адказнай палітычнай эліты выклікае ў многіх абгрунтаваныя сумненні. У Мінску спадзяюцца, што вынікі парламенцкіх выбараў у кастрычніку гэтага года створаць умовы для аднаўлення беларуска-літоўскага дыялогу. «Адзначаем запатрабаванне на карэкціроўку ўсходняй палітыкі ЕС па выніках выбараў у шэрагу еўрапейскіх краін, прыклад якіх можа пераняць і літоўскі народ», — гаворыцца ў публікацыі кіраўніка МЗС.

Максім Рыжанкоў звярнуўся да жыхароў Літвы з заклікам спакойна і рацыянальна разабрацца ў сітуацыі і сказаць сваё важкае слова ў абарону цывілізаваных адносін са сваімі суседзямі. «Калі ў вас, вядома, яшчэ засталася магчымасць адкрыта выказваць сваё меркаванне. Гэта дазволіць ужо ў бліжэйшым будучым нівеліраваць усе негатыўныя моманты, якія прынесла нашым народам недарэчнае, навязанае вашымі палітыкамі процістаянне з беларусамі, — заявіў ён. — Сярод першачарговых мер мы маглі б сумеснымі намаганнямі намеціць шляхі вырашэння пытанняў нармалізацыі міграцыйнай сітуацыі на граніцы, дээскалацыі ваеннай напружанасці, узаемадзеяння па лініі сілавых ведамстваў, аднаўлення пералічэння пенсій і дапамог, аздараўлення, у тым ліку асоб з хранічнымі захворваннямі і дзяцей-інвалідаў. У нашых агульных інтарэсах — аднаўленне нармальных пасажырскіх і грузавых зносін і мабільнасці, транзіту грузаў, уключаючы такія важныя гуманітарныя пазіцыі, як прадукты харчавання, медыкаменты, угнаенні».

Паводле слоў міністра, у парадак дня маглі б вярнуцца і такія напрамкі, як аднаўленне адукацыйных і культурных абменаў, сумесных навуковых праграм, прадаўжэнне рэканструкцыі пунктаў пропуску, рэалізацыя прыродаахоўных праектаў, узаемадзеянне ў энергетыцы, стварэнне сумесных вытворчасцей і, самае галоўнае, нармальныя чалавечыя адносіны паміж беларусамі і літоўцамі.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть