Культура

Жараб’ёўка выканаўцаў, Дзень нацкультур краін ШАС. Што яшчэ сёння будзе на «Славянскім базары»

12 ліпеня, Віцебск . Больш за тры дзясяткі падзей запланавана на 12 ліпеня ў асноўнай праграме «Славянскага базару ў Віцебску». Аб гэтым паведамілі ў дырэкцыі міжнароднага фестывалю мастацтваў.

Стартуе фестывальны дзень з сустрэчы міністраў культуры краін — удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў міжнародным прэс-цэнтры ў 9.30. Тэмай стане «Дыялог культур — фактар яднання народаў краін ШАС».

Практычна адначасова каля мемарыяльнага комплексу «Вызваліцелям Віцебска — савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам» пачнецца патрыятычная акцыя і шэсце. Мерапрыемствы прысвяцілі 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У 10.00 у Доме кіно адбудзецца прэс-канферэнцыя лаўрэатаў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2023-2024 гады.

На Пушкінскай плошчы, пачынаючы з 10.00, гасцей будзе чакаць свята народнай культуры і традыцый. Яно ўпісана ў летапіс цяперашняга «Славянскага базару» як частка Дзён Саюзнай дзяржавы.

Марш-парад удзельнікаў Дзён моладзі на форуме мастацтваў запланаваны на 10.30. Ад плошчы Перамогі яны пройдуць да лакацыі перад Канцэртнай залай «Віцебск», дзе ў 11.00 плануюць урачыста адкрыць праект.

Праз паўгадзіны пачнецца прэс-канферэнцыя членаў журы цяперашняга Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск», а ў 13.00 — прэс-канферэнцыя і цырымонія падпісання пагаднення аб устанаўленні пабрацімскіх сувязей паміж «Славянскім базарам» і фестывалем Kavkaz music fest. У 20.00 ужо форум-пабрацім прадставіць свае праекты ў святочным Віцебску.

Круглы стол «Саюзная дзяржава — агульная духоўнасць і прастора магчымасцей» у 12.00 пачнецца ў канферэнц-зале Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Тут абмяркуюць перспектыўныя праекты і новыя напрамкі супрацоўніцтва для развіцця славянскай культуры.

Прадоўжыць работу новы фестываль, прысвечаны сацыяльнаму кіно. На спектаклі «Дружная кампанія» і «Горад дзяцінства» ў рамках тэатральных сустрэч запросяць у «Лялечны квартал». Самых крэатыўных вызначаць на конкурсе «Агонь маладзёжных талентаў». І лепшых назавуць на чэмпіянаце па футболе сярод зборных пярвічных арганізацый БРСМ «Сіла ў камандзе».

Модны паказ «Рука ў руцэ», свята харавой музыкі «Славянскі благавест», прэзентацыя выставы, цырымонія ўзнагароджвання і гала-канцэрт дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск», а таксама жараб’ёўка выканаўцаў эстраднай песні — у праграме гэтага дня.

Эстафету сольнікаў прыме спявачка, кампазітар, актрыса і тэлевядучая Марыям Мерабава. Запланаваны гала-канцэрт у рамках Дзён Саюзнай дзяржавы на «Славянскім базары» ў Летнім амфітэатры і яшчэ адзін — у гонар закрыцця Дзён моладзі ў КЗ «Віцебск». Завершыць насычаны фестывальны дзень, ужо ў 01.30, «Залаты хіт» на галоўнай пляцоўцы васільковага форуму.

XXXIII Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» праходзіць з 9 па 15 ліпеня.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть