Культура

Беларуская камедыя «АЗС №1» выйшла ў шырокі пракат у кінатэатрах краіны

20 верасня, Мінск . Беларускі камедыйны фільм «АЗС №1» стартаваў 19 верасня ў шырокім пракаце больш як у 60 кінатэатрах краіны. Спецыяльны прэм’ерны паказ адбыўся ў Мінску ў кінатэатры «Перамога»,

«АЗС №1» — першы поўнаметражны камедыйны фільм, створаны сіламі тэлеканала АНТ. Абсалютна кожны ўдзельнік, які быў задзейнічаны ў стварэнні гэтага фільма, — рэжысёры, аператары, гукарэжысёры, адміністрацыйная група, грымёры, пастаноўшчыкі, вадзіцелі — супрацоўнікі тэлеканала. Гэта сапраўды айчынны фільм, зроблены ў Беларусі. Для здымак фільма задзейнічалі 49 лакацый. У тым ліку тэрыторыю трох музеяў, Мірскага замка і Лініі Сталіна. Асноўныя сцэны здымаліся на аўтазапраўцы пад Мінскам. Характэрна, што ў час здымак работа аўтазапраўкі не спынялася.

Гэта цалкам айчынны прадукт: у фільме зняліся больш за 30 прафесійных беларускіх акцёраў. Задзейнічаны і акцёры-аматары, якія вельмі прафесійна рэалізавалі ўсе задумкі. Самаму юнаму акцёру на момант здымак было ўсяго 1,5 года.

У эпізадычных ролях зняліся расійскія акцёры — Марат Башараў і вядомыя расійскія КВЗэншчыкі. Музыку да фільма напісаў беларускі кампазітар Леанід Шырын.

Паводле слоў аўтара сцэнарыя і выканаўцы галоўнай ролі Максіма Сокала, здымачны працэс праходзіў у пазітыўным ключы. «Многія здымаюць камедыі ў цішыні і вельмі сур’ёзна. А ў нас на пляцоўцы панавала выдатная атмасфера. Усе смяяліся, сябравалі адзін з адным. Сонца, лета, запраўка, Беларусь — што можа быць лепш?» — сказаў ён, размаўляючы з журналістамі перад пачаткам спецпаказу.

Калі запусцілі работу над фільмам, творчая каманда пачала думаць, якія сітуацыі маглі б адбыцца на запраўцы, прадоўжыў ён. «Атрымалася гісторыя авантурная, прыгодніцкая. Такое наўрад ці магло адбыцца на аўтазапраўцы, але жанр камедыі дазваляе прымяніць гратэск. Гледачу павінна быць цікава», — падзяліўся Максім Сокал.

У час здымак камедыі было шмат смешных момантаў, адным з іх падзяліўся выканаўца ролі Віці Сяргей Навіцкі. «Я паўзу да машыны з заправачным шлангам. Рукі ў мяне трасуцца. А гэта дзеючая калонка, ніхто нічога не перакрываў, усе заязджалі, запраўляліся. І тут мужык побач паркуецца. І бачыць, што нехта ў форме запраўшчыка паўзе са шлангам. І гаворыць: «Мужык, ты што робіш? А я адказваю: «Бензін краду». А ён: «Давай-давай», — расказаў акцёр.

Дарэчы, у час перадпаказу фільм паглядзелі 500 чалавек. Гледачы ацанілі яго як лёгкі і вясёлы. «Напэўна, на сёння гэта самая лепшая рэцэнзія», — заўважыў Сяргей Навіцкі.

З такім меркаваннем згодны таксама Андрэй Перапечка, выканаўца ролі начальніка сеткі аўтазаправак. Паводле яго слоў, атрымалася лёгкая, вясёлая, шчырая па сваіх эмоцыях, змесце, прыемная для прагляду камедыя. Важна і тое, што гэта цалкам айчынны прадукт. «І гумар наш, беларускі, і інтэр’еры, і АЗС наша, беларуская», — сказаў ён.

Згодна з сюжэтам на нафтаперапрацоўчым прадпрыемстве аб’яўляецца конкурс на званне лепшай запраўкі. Узнагарода — пасада намесніка гендырэктара, а разам з ёй і бязмежныя перспектывы. У барацьбу ўступае начальнік АЗС нумар 1 Аркадзь Браніслававіч Камароўскі. Нечакана на запраўцы з’яўляецца новы работнік, які аказваецца паталагічным няўдачнікам, і да таго ж — сынам генеральнага дырэктара. Перад Камароўскім паўстае невыканальная задача: як павысіць прыбытак, калі з-за нядбайнага работніка адны страты.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть