Культура

Гала-канцэрт Брэсцкай вобласці на фестывалі «Беларусь — мая песня» адбудзецца ў Мінску 2 чэрвеня


Фота з архіва

28 мая, Брэст . Брэсцкая вобласць 2 чэрвеня прэзентуе ў Мінску гала-канцэрт на рэспубліканскім фестывалі «Беларусь — мая песня», паведамілі ў прэс-службе Брэсцкага аблвыканкама.

Для гасцей падрыхтавалі мноства сюрпрызаў. Усіх таямніц не раскрываюць, аднак пра некалькі цікавых момантаў ужо вядома. У фае Палаца Рэспублікі гасцей будзе сустракаць сімвал Брэсцкай вобласці — зменшаная копія скульптуры зубра, размешчанай на трасе М1. Будзе магчымасць паразмаўляць з брэсцкім ліхтаршчыкам.

«На галоўнай сцэне Палаца Рэспублікі Брэсцкая вобласць прыадкрые заслону ўнікальнасці і непадобнасці рэгіёна, прадэманструе ўсё багацце і шматграннасць культурнай палітры. Для фестывалю мы падрыхтавалі выставу «1 рэгіён — 85…» і маштабны гала-канцэрт «Мы створаны гэтай зямлёй», — расказалі ў прэс-службе Брэсцкага аблвыканкама. Выстава будзе складацца з 12 лакацый. Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з гістарычнай і культурнай спадчынай Брэстчыны, з яе турыстычнымі брэндамі.

У гала-канцэрце прымуць удзел каля 1,5 тыс. чалавек — больш за 50 творчых калектываў, каля 30 вакалістаў і інструменталістаў. Для шоу выкарыстаюць шматлікія тэхнічныя сродкі і спецэфекты. Канцэртная праграма атрымалася разнастайнай па тэматыцы і жанравых напрамках. Так, на сцэне Палаца Рэспублікі ўпершыню прагучыць музычны твор да 85-годдзя Брэсцкай вобласці. Яркім абяцае стаць выступленне вялікага зводнага духавога аркестра, які аб’яднае пяць калектываў.

«Кожны госць стане ўладальнікам паштоўкі, выкананай навучэнцамі дзіцячых школ мастацтваў Брэсцкай вобласці ў рамках акцыі «Брэстчына вачыма дзяцей». Акрамя таго, гледачы, выкарыстоўваючы QR-код на сваіх запрашальных білетах, змогуць адкрыць прэзентацыйны ролік аб Брэсцкай вобласці і паглыбіцца ў свет прыгажосці і гісторыі нашага любімага рэгіёна», — дадалі ў прэс-службе.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть