Спорт

Хакеісты мінскага «Дынама» прайгралі ЦСКА ў таварыскім матчы

19 жніўня, Мінск . Мінскія дынамаўцы пацярпелі чарговае паражэнне ў серыі кантрольных матчаў перад стартам новага сезона Кантынентальнай хакейнай лігі,

У панядзелак «зубры» правялі пяты дамашні перадсезонны паядынак. На лёдзе сталічнай «Алімпік Арэны» падапечныя Дзмітрыя Квартальнава сустрэліся з маскоўскім ЦСКА, хакеісты якога ўжо два тыдні трэніруюцца ў сталіцы Беларусі. Лік у матчы быў адкрыты на 10-й мінуце: перадачай ад навічка «Дынама» Вадзіма Шыпачова скарыстаўся Сяргей Кузняцоў. Зрэшты, яшчэ да перапынку «армейцы» не толькі адыграліся, але і выйшлі наперад — 2:1.

Другі перыяд прайшоў па практычна такім жа сцэнарыі: спачатку дакладны кідок пад перакладзіну выканаў капітан мінчан Андрэй Стась, але затым гаспадары лёду зноў атрымалі ў свае вароты дзве шайбы запар. У заключнай трэці лік на табло не змяніўся — у выніку 4:2 на карысць ЦСКА. Пасля заканчэння сустрэчы каманды па папярэдняй дамоўленасці правялі серыю булітаў, больш дакладнымі ў ёй аказаліся масквічы.

З пачатку месяца дынамаўцы выйгралі толькі адзін таварыскі матч — у прадстаўніка Усерасійскай хакейнай лігі «Нарыльска» (6:3). Цяпер у пасіве «зуброў» ужо чатыры перадсезонныя няўдачы: раней наша каманда ўступіла «Магнітцы» з УХЛ (4:10), омскаму «Авангарду» (1:2) і маскоўскаму «Дынама» (1:3).

Да завяршэння падрыхтоўчага перыяду мінчанам засталося правесці яшчэ два кантрольныя паядынкі на сваім лёдзе — абодва супраць далёкаўсходняга «Адмірала» 23 і 27 жніўня. Новы сезон Кантынентальнай хакейнай лігі стартуе для дынамаўцаў 5 верасня: у гэты дзень сталічны клуб на «Мінск-Арэне» прыме хабараўскі «Амур».

Фота Сяргея Шэлега

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть