Культура

Лекцыя-перформанс, лабірынт Малевіча. Якой будзе ноч мастацтва ў Віцебску

27 лютага, Віцебск . Тэхнічны эксперымент з часам і прасторай, арт-батл і квэст у выглядзе выставы — у праграме ўнікальнага мультыжанравага фестывалю #СУПРЭМSTORM_ноч у Віцебску. Такая інфармацыя прагучала на прысвечанай форуму прэс-канферэнцыі,

Падзеі фестывалю запланаваны ў ноч з 29 лютага на 1 сакавіка ў будынку Цэнтра культуры «Віцебск». Удзельнікі падумаюць над тым, што такое Сусвет унутры кожнага мастака. Гэтай тэме прысвяцілі арт-батл, які стартуе ў 18.00 на адной з асноўных пляцовак. Тут творцы папрацуюць над творамі візуальнага мастацтва ў некласічным духу футурызму, супрэматызму, трэш-арту. «Менавіта ў Віцебску Малевіч упершыню выпрабаваў і прымяніў свой педагагічны метад. Выпрацаваў сваю педагагічную сістэму, напісаў сваю галоўную філасофскую працу. Прычым яна актуальна да гэтага часу, — адзначылі на прэс-канферэнцыі. — Вучоныя сёння гавораць аб тым, што тайна «Чорнага квадрата» якраз з’яўляецца нейкім вельмі сур’ёзным аналагам чалавечага мозга».

Адкрыецца выстава плакатаў і арт-аб’ектаў студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Экспазіцыя пакажа, як на кафедры дызайну і моды ў вучэбным працэсе рэалізуюць створаную Малевічам праграму УНОВІС.

Лекцыя-перформанс у 19.00 прапануе пагаварыць аб часе, калі ў Віцебску працавала творчая лабараторыя мастака-авангардыста. Гэта была пара эксперыментаў, якія ставілі ён і яго вучні. Кампендыум будзе называцца «Малевіч навыварат». «Упершыню гэту форму (лекцыю-перформанс. — Заўвага БЕЛТА) прыдумаў Малевіч якраз у пачатку лютага 1920, калі ў цэнтры горада ў Латышскім клубе яны паказалі свой перформанс. Гэта была дыскусія аб тым, што такое сучаснае мастацтва на той момант», — растлумачылі арганізатары.

Гасцей запросяць і ў «Лабірынт Малевіча». Выстава-перформанс з такой назвай вядзе на лесвіцу старога будынка Цэнтра культуры. Прастору ўпрыгожаць карціны з галерэі арт-батлу і фонду маладзёжнага тэатра «Кола».

«Мы фактычна будзем шукаць выставу навобмацак, — адзначылі на прэс-канферэнцыі. — Выстава будзе размяшчацца на лесвіцы, светлавых прыбораў на ёй не будзе. Таму людзям давядзецца прымяніць кемлівасць, каб нешта разглядзець».

Магчымасць паглыбіцца ў медыяперформанс «М-Адысея», які стане музычным падарожжам, з’явіцца ў кожнага. Фармат разлічаны на меламанаў, мастакоў і іншых прыхільнікаў мастацтва. Аўтар праекта называе яго тэхнічным эксперыментам з часам і прасторай. Завершыць праграму ночы мастацтва ў Віцебску гонг-перформанс «Вока буры». Удзельнікі змогуць уціхамірыць эмоцыі і звярнуцца да сваіх унутраных вобразаў у «месцы цішыні». Спакой унутры шторму — так апісваюць асноўную тэму медытатыўнай часткі.

Мультыжанравы фестываль #СУПРЭМSTORM_ноч прысвечаны творчаму аб’яднанню УНОВІС і 145-годдзю з дня нараджэння Казіміра Малевіча.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть