Эканоміка

Мінсельгасхарч: у Беларусі назіраецца рост вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі


Фота з архіва

8 снежня, Мінск . У Беларусі ў бягучым годзе назіраецца дадатная дынаміка ў вытворчасці ўсіх відаў жывёлагадоўчай прадукцыі. Аб гэтым расказаў журналістам у час II Міжнароднага форуму «Беларусь аграрная. Узнаўленне» першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Федчанка,

«Сёння на форуме спецыялісты абмяркуюць тэматычныя пытанні, прысвечаныя селекцыйна-племянной рабоце і ўзнаўленню статка сельскагаспадарчых жывёл. Беларусь ужо дасягнула тых вышынь, калі для руху наперад трэба выкарыстоўваць лепшыя навуковыя дасягненні і сусветны вопыт. Для гэтага мы збіраем на форуме прафесіяналаў, якія абменьваюцца вопытам з калегамі і расказваюць аб новых падыходах у сферы жывёлагадоўлі. Таксама мы запрашаем на форум лепшых прадстаўнікоў сферы і ўзнагароджваем іх, паколькі аграрную работу важна папулярызаваць», — сказаў Сяргей Федчанка.

Паводле яго слоў, у гэтым годзе назіраецца дадатная дынаміка ў вытворчасці ўсіх відаў жывёлагадоўчай прадукцыі. «Надоім каля 8 млн т малака. Таксама ў нас дадатная дынаміка ў вытворчасці птушкагадоўчай прадукцыі. У цэлым да канца года падыходзім з добрымі вынікамі», — дадаў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання.

Ён звярнуў увагу, што навука ў першую чаргу працуе над павышэннем генетычнага патэнцыялу жывёлы. «Сёння ўдасканальваецца малочная жывёла, свінагадоўля і птушкагадоўля. Адзначу, што па экспарце паказчыкі ў бягучым годзе будуць не горшыя за мінулагоднія. У бягучым годзе па аб’ёмах вытворчасці мы перавысім узровень 2022 года. Пры гэтым у сувязі са спадам цэн на сусветных рынках у грашовым выражэнні наблізімся да той лічбы, якая была ў мінулым годзе», — адзначыў Сяргей Федчанка.

У 2022 годзе Беларусь паставіла на экспарт харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны на суму больш як $8 млрд, што склала 124 працэнты да ўзроўню 2021 года. Пры гэтым доля экспарту харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны ў агульным экспарце Беларусі складае амаль 22 працэнты.

«Найбольшую ўдзельную вагу ў экспарце прадуктаў харчавання традыцыйна займае прадукцыя жывёлагадоўлі — больш за 60 працэнтаў у агульным аб’ёме. Геаграфія экспарту харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны налічвае 100 краін свету, — падкрэсліў першы намеснік міністра. — Спадзяюся, што на форуме мы пачуем новыя прапановы і падыходы, якія даюць магчымасць радыкальным чынам палепшыць механізмы развіцця малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі і птушкагадоўлі».

На форуме «Беларусь аграрная. Узнаўленне» будзе ўдзелена ўвага тэмам селекцыі, захавання і паляпшэння генафонду, а таксама сучасным тэхналогіям узнаўлення, аптымальным умовам утрымання і кармлення, вырошчванню маладняку. Акрамя таго, эксперты раскажуць аб прафілактыцы і лячэнні захворванняў, інавацыйных рашэннях для мясной жывёлагадоўлі, павышэнні прадукцыйнасці і рэнтабельнасці, аб перспектывах развіцця галіны і імпартазамяшчэнні.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть