VII Усебеларускі народны сход: тэрміны правядзення, склад |
Усебеларускі народны сход (УНС) — вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь.
На УНС ускладзены важнейшыя функцыі: вызначаць стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечваць непарушнасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў, грамадзянскую згоду.
Першае пасяджэнне VII УНС пройдзе 24-25 красавіка 2024 г. у г. Мінску.
Склад УНС:
дэлегаты, якія прадстаўляюць розныя сацыяльныя слаі і групы грамадства. Гранічная колькасць — 1200 чалавек.
Дэлегатамі з’яўляюцца:
— Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь;
— Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў у сувязі з заканчэннем тэрміну яго знаходжання на пасадзе альбо датэрмінова ў выпадку яго адстаўкі;
— прадстаўнікі заканадаўчай улады: дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі;
— прадстаўнікі выканаўчай улады: прэм’ер-міністр, яго намеснікі, іншыя члены Саўміна, старшыні абласных, Мінскага гарадскога, раённых, гарадскіх выканкамаў;
— прадстаўнікі судовай улады: старшыня і яго намеснік, суддзі Канстытуцыйнага Суда; старшыня, яго намеснікі і суддзі Вярхоўнага Суда;
— прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў;
— прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.
Склад дэлегатаў VII УНС ад мясцовых Саветаў дэпутатаў
усяго — 350 чалавек:
— 290 дэлегатаў абрана ад Саветаў дэпутатаў першаснага, базавага, абласнога ўзроўню;
— 60 дэлегатаў — дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў.
Склад дэлегатаў VII УНС ад грамадзянскай супольнасці
усяго — 400 чалавек:
— па 80 дэлегатаў абрана ад аб’яднання «Белая Русь», Беларускага саюза жанчын, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Дэлегат прымае ўдзел у рабоце УНС без адрыву ад працоўнай (службовай) дзейнасці.
Тэрмін паўнамоцтваў УНС — пяць гадоў.
З гісторыі УНС
Усебеларускі народны сход праводзіцца ў Беларусі з 1996 г. Рашэнні УНС мелі рэкамендацыйны характар.
Папраўкі ў Канстытуцыю, прынятыя па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 27 лютага 2022 г., замацавалі асаблівы канстытуцыйны статус УНС. Рашэнні сходу з’яўляюцца абавязковымі для выканання.
Крыніцы: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон Рэспублікі Беларусь ад 07.02.2023 г. №248-З, ЦВК Рэспублікі Беларусь.