Эканоміка

Галоўчанка пра попыт на беларускую бытавую тэхніку: па ўсіх пазіцыях у нас рост экспарту

21 чэрвеня, Брэст . Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ў час рабочай паездкі ў Брэст расказаў пра попыт на беларускую бытавую тэхніку і нацэліў айчынныя прадпрыемствы на паглыбленне лакалізацыі вытворчасці,

Раман Галоўчанка сёння наведаў «Брэстгазаапарат», азнаёміўся з работай прадпрыемства і перспектывамі яго развіцця. Брастаўчане дэманструюць нядрэнныя паказчыкі па продажах на ўнутраным рынку і за мяжой. «У цэлым сітуацыя па беларускай бытавой тэхніцы складваецца нядрэнная. Па ўсіх пазіцыях у нас ёсць рост экспарту. Я маю на ўвазе ўсю «белую тэхніку». Гэта і пральныя машыны, і халадзільнікі, і газавыя пліты, і ўбудаваная тэхніка і гэтак далей. Попыт ёсць. Але мы ў першую чаргу думаем аб тым, як не дапусціць пагаршэння становішча нашых вытворцаў. Ключ адзін — ісці ў паглыбленне лакалізацыі вытворчасці», — сказаў прэм’ер-міністр.


Ён падкрэсліў, што без гэтага будзе складана канкурыраваць. «Таму што заходзіць на наш рынак вельмі шмат брэндаў (так званых ноўнэймаў) з таннай тэхнікай, якая, мякка кажучы, мае праблемы з доўгатэрміновасцю эксплуатацыі, бяспекай. Але гэта будзе рэгулявацца ў змяненнях да тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза, які павінен уступіць у сілу ў 2025 годзе. Трэба не чакаць гэтага, трэба працаваць над поўнай лакалізацыяй. У нас цяпер застаюцца нелакалізаванымі часткі кампанентаў у электрычнай і электроннай сферы», — адзначыў кіраўнік урада.



Раман Галоўчанка таксама закрануў крэдытную праграму «На родныя тавары». Паводле яго слоў, яна працуе добра. Агульны аб’ём выдадзеных крэдытаў на куплю беларускіх тавараў расце. Прэм’ер-міністр звярнуў увагу, што людзі купляюць у асноўным айчынную бытавую тэхніку і мэблю. «Ёсць даручэнне Прэзідэнта пашырыць гэты спіс. У бліжэйшы час будуць прыняты змяненні ў яго. Будзе, відавочна, дабаўлена больш вытворцаў мэблі ў першую чаргу. Уключаць будзем туды і больш прыватных кампаній, якія вырабляюць мэблю. Але з умовай таго, што гэта не перапродаж чыёйсьці іншай, а ўласная вытворчасць. Будзем строга сачыць за дакументамі», — падкрэсліў Раман Галоўчанка.


Ён дадаў, што ёсць прапановы (гэта пытанне цяпер адпрацоўваецца) павысіць парог крэдытавання для куплі айчынных садовых домікаў або домакамплектаў. «Цяпер ён складае 300 базавых велічынь. Ёсць прапанова падняць яго да 500 БВ, што, адпаведна, пакрые больш значныя вырабы для часткі домакамплектаў», — растлумачыў кіраўнік урада.

Фота Паўла Арлоўскага

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть