Грамадства

Выстава расійскага мастака, які стварыў абразы для беларускага храма, адкрылася ў пасольстве Беларусі ў РФ

6 лютага, Масква /Эдуард Півавар . «Прысвячэнне майстру» — так называецца выстава, якая адкрылася 6 лютага ў дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі. Яна прымеркавана да 80-годдзя з дня нараджэння члена саюзаў мастакоў СССР і Расіі Уладзіміра Воўка,

Экспазіцыю прадставіла дачка мастака Ірына Воўк, вядомая многім расійскім журналістам як афіцыйны прадстаўнік МУС Расіі. Яна і расказала, чаму месцам правядзення выставы стала беларускае дыппрадстаўніцтва.

«Мой бацька ўдзельнічаў у роспісе храма, які знаходзіцца ў невялікай вёсцы Ціхінічы ў Гомельскай вобласці. Гэты храм пабудаваў на ўласныя сродкі цудоўны чалавек, вялікі сябар майго таты, вядомы беларускі пісьменнік і вучоны Міхаіл Расолаў. Мой бацька ездзіў у Беларусь на працягу 20 гадоў, вельмі любіў гэтыя мясціны і значная частка яго творчасці прысвечана Беларусі. Я лічу, што гэты храм, пабудаваны намаганнямі Міхаіла Расолава і майго таты, — сімвал адзінства нашых народаў», — падзялілася Ірына Воўк.

Яна падзякавала паслу Беларусі ў Расіі Дзмітрыю Крутому за прадастаўленую магчымасць правесці выставу ў беларускім дзелавым і культурным комплексе.

«Такія праекты прызначаны падкрэсліць аб’яднальную сілу мастацтва ў сучасным свеце, які раздзіраецца супярэчнасцямі, — сказаў на вернісажы Дзмітрый Крутой. — Мастацтва не мае межаў. Гэта аксіёма. Яно гаворыць на зразумелай для кожнага мове. Яно дае магчымасць нам разумець адзін аднаго і лягчэй знаходзіць агульную мову. Абуджае нашы лепшыя пачуцці. Сярод іх, безумоўна, і любоў да бацькоўскага дома, сям’і, зямлі, на якой мы выраслі, да сваіх вытокаў, да сваёй малой радзімы. Менавіта яна і нараджае вялікую любоў да сваёй краіны. Патрэбнасць яе абараняць, адстойваць інтарэсы. Гэта і ёсць патрыятызм. Сапраўдны, які ідзе ад сэрца. І творчасць Уладзіміра Аляксеевіча Воўка якраз аб гэтым».

Дыпламат адзначыў, што прадстаўленыя на выставе работы выкананы ў самых разнастайных жанрах, аднак усе яны ўспрымаюцца як адзінае цэлае — як гімн роднаму краю, роднай прыродзе, роднаму ачагу. «Прыемна, што творчасць мастака была адзначана пры яго жыцці. Як мы ведаем, карціны Уладзіміра Воўка знаходзяцца ў Траццякоўскай галерэі і іншых музеях, а таксама ў прыватных калекцыях у Расіі і за мяжой. Свой значны след Уладзімір Аляксеевіч пакінуў і ў Беларусі — той самы распісаны ім храм Архангела Міхаіла ў вёсцы Ціхінічы Рагачоўскага раёна на Гомельшчыне. А роспіс храма параўнальны з дакрананнем да вечнасці», — падкрэсліў Дзмітрый Крутой.

У цырымоніі адкрыцця выставы таксама прынялі ўдзел афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава, клірык Гомельскай епархіі протаірэй Мікалай Сцяпанаў — настаяцель прыхода храма святога Архангела Міхаіла аграгарадка Ціхінічы, паклоннікі выяўленчага мастацтва.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть