Культура

Абласны конкурс юных музыкантаў «Вясёлка надзей» пройдзе ў Навагрудку


Фота з архіва

15 лютага, Гродна . Юныя салісты і ансамблі з Гродзенскай і іншых абласцей Беларусі прымуць удзел у адкрытым абласным конкурсе «Вясёлка надзей», які адбудзецца ў Навагрудку. Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама.

«У інструментальнага конкурсу доўгая і цікавая гісторыя, — расказала дырэктар Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў Людміла Аніскіна. — З 2000 года на пляцоўцы Навагрудскай ДШМ штогод праходзіў адкрыты рэгіянальны фестываль «Вясёлка надзей». З кожным годам інтарэс да фестывалю ўзрастаў, колькасць удзельнікаў павялічвалася. У 2019-м фестываль атрымаў статус адкрытага абласнога конкурсу юных талентаў. Яго арганізатарамі сталі ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, аддзел культуры Навагрудскага райвыканкама і Навагрудская ДШМ».

У конкурсе могуць прымаць удзел юныя таленавітыя выканаўцы на струнна-смычковых, духавых і клавішных інструментах, як класічных, так і народных, салісты і музычныя калектывы. Пры гэтым намінацыі штогод змяняюцца.

«Задача фестывалю — выявіць і падтрымаць таленавітых вучняў, стымуляваць развіццё творчых здольнасцей і выканальніцкага майстэрства юных музыкантаў, — дадала Людміла Аніскіна. — Музычнае свята садзейнічае папулярызацыі беларускай народнай, класічнай, сучаснай культуры, павышэнню ўзроўню прафесійнага майстэрства педагогаў і выканаўцаў, абмену прафесійным вопытам. Перавагі ў рэпертуары аддаюцца творам беларускіх кампазітараў».

Цікавасць да фестывалю традыцыйна праяўляюць не толькі таленавітыя выканаўцы Гродзенскай вобласці. Яго гасцямі і ўдзельнікамі былі юныя музыканты Віцебскай, Гомельскай, Брэсцкай, Мінскай абласцей і сталіцы Беларусі. За час існавання конкурсу ў творчых спаборніцтвах прынялі ўдзел звыш 500 юных талентаў з розных рэгіёнаў нашай краіны.

У складзе журы будуць прадстаўлены вядучыя педагагічныя работнікі ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, дзеячы культуры і мастацтва.

Для многіх удзельнікаў «Вясёлка надзей» стала стартавай пляцоўкай для далейшых выступленняў у рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть