Лукашэнка даручыў выпрацаваць агульнарэспубліканскую канцэпцыю абслугоўвання вясковага насельніцтва | Навіны Беларусі | Беларускія навіны | Беларусь — афіцыйныя навіны | Мінск | БелТА
Фота з архіва
16 лютага, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў выпрацаваць агульнарэспубліканскую канцэпцыю абслугоўвання вясковага насельніцтва. Аб гэтым ён заявіў у сваім выступленні на агульным сходзе прадстаўнікоў членаў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў,
«Надышоў час выпрацаваць агульнарэспубліканскую канцэпцыю абслугоўвання вясковага насельніцтва. Людзі, якія працуюць на зямлі, не павінны ні ў чым мець патрэбу, — сказаў Прэзідэнт. — Чакаю ад урада канкрэтных прапаноў па рэгіёнах і населеных пунктах з колькасцю жыхароў да 200 чалавек. Неабходна зацікавіць усіх суб’ектаў гаспадарання ў абслугоўванні вясковага насельніцтва, стварыць стымулюючыя ўмовы. І ў такога гіганта, як Белкаапсаюз, тут будзе асаблівая роля», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму паступаюць розныя прапановы па арганізацыі гандлю ў вёсцы — ад перадачы нерэнтабельных магазінаў прыватнікам, гандлёвым сеткам да навядзення жалезнай дысцыпліны ў сістэме Белкаапсаюза, каб яна існавала і працавала. «Калі ўзварухнуць сістэму, навесці парадак з затратамі, змяніць падыходы да арганізацыі гандлю, удасканаліць механізм кіравання, у нас усё атрымаецца», — сказаў ён.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што работу спажыўкааперацыі ў вёсцы не заменяць ніякія прадпрымальнікі. Напрыклад, недапушчальна, калі ў райцэнтры «на адным пятаку нос у нос труцца адзін аб аднаго» пяць магазінаў, ствараюць канкурэнцыю адзін аднаму, а ў вёску ніхто не едзе. «Або выбіраюць самыя прынадныя маршруты, вакол горада праехацца, зняць вяршкі. Да межаў раёна, дзе 10-20 жыхароў, прыватнік не асабліва рвецца, у лепшым выпадку летам, калі там дачнікі з’ехаліся, — абазначыў праблемныя моманты Аляксандр Лукашэнка. — Давайце дамовімся так: усе рашэнні аб арганізацыі гандлю прымаем зыходзячы з інтарэсаў насельніцтва. І галоўнай фігурай тут будзе старшыня райвыканкама. Хоча прыватнік працаваць на тых жа сацыяльных умовах і ў сумленнай канкурэнцыі — няхай бярэ пад адказнасць усю тэрыторыю, каб людзі нідзе і ні ў чым не мелі патрэбы».
Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў Расіі спажывецкую кааперацыю спачатку загубілі, а цяпер абдумаліся і шукаюць магчымасць адрадзіць. «І што ж? Не можа, ды і не хоча там прыватнік вырашыць усе пытанні! Яму нявыгадна, а церпіць наш просты чалавек. Таму я кожны год падтрымліваю Белкаапсаюз і спрабую ўсяляк разварушыць. Але трэба глядзець і на затраты. Разам з мясцовай уладай падлічыце свае магчымасці, складзіце адпаведны бізнес-план», — даручыў беларускі лідар.
Ён запатрабаваў ад урада, Камітэта дзяржаўнага кантролю ўзяць на асаблівы кантроль усе рашэнні гэтай сустрэчы.