Грамадства

Падрыхтоўка кадраў і сумесныя аперацыі. Якім бачыцца супрацоўніцтва міністэрстваў аховы здароўя Беларусі і Узбекістана


Фота Міністэрства аховы здароўя

7 лютага, Мінск . Беларускі бок надае асаблівае значэнне развіццю супрацоўніцтва з Узбекістанам у сферы аховы здароўя, заявіў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў на сустрэчы з узбекскім калегам Асілбекам Худаяравым, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ведамства.

Беларусь і Узбекістан маюць традыцыйна дружалюбныя адносіны. Візіт дэлегацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі ва Узбекістан дасць магчымасць абмеркаваць прапановы па далейшым развіцці ўзаемадзеяння, адзначыў Аляксандр Хаджаеў.

На сустрэчы ішла размова аб магчымасці арганізацыі павышэння кваліфікацыі ўрачоў Рэспубліканскага спецыялізаванага навукова-практычнага медыцынскага цэнтра здароўя маці і дзіцяці Узбекістана па пытаннях неанаталогіі ў РНПЦ «Маці і дзіця» Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Былі закрануты пытанні арганізацыі сумесных адукацыйных праграм магістратуры і клінічнай ардынатуры, супрацоўніцтва па пытаннях рэанімацыі нованароджаных.

Абмяркоўваліся і прапановы па арганізацыі стажыровак, павышэнні кваліфікацыі медыцынскіх, выкладчыцкіх і навуковых кадраў па кардыяхірургіі, кардыяанестэзіялогіі, функцыянальнай дыягностыцы хворых з прыроджанымі парокамі сэрца, па правядзенні анлайн-кансультацый па праблемных хворых, абмене спецыялістамі ў галіне радыялогіі, таргетнай, малекулярнай генетычнай тэрапіі. Асобны блок перагавораў быў прысвечаны пытанню падрыхтоўкі ў Беларусі медыцынскіх фізікаў і інжынераў-анколагаў для Узбекістана.

Таксама беларускія спецыялісты прапанавалі актывізаваць узаемадзеянне ў артапедыі і артраскапіі шляхам абмену вопытам, навучання і правядзення сумесных аперацый.

Яшчэ адным пунктам абмеркавання кіраўнікоў двух ведамстваў стала супрацоўніцтва паміж санітарна-эпідэміялагічнымі службамі Беларусі і Узбекістана. Размова ішла ў тым ліку аб правядзенні сумесных работ і даследаванняў у галіне прафілактыкі і лячэння інфекцыйных і неінфекцыйных захворванняў, у тым ліку па праграмах імунізацыі і барацьбы з пандэміямі.

Кіраўнікі ведамстваў закранулі тэмы распрацоўкі вучэбных планаў сумесных адукацыйных праграм для медуніверсітэтаў, прыёму абітурыентаў у сумесную адукацыйную праграму, арганізацыі акадэмічнага абмену студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім складам і г.д. Было прапанавана наладзіць навучанне і падрыхтаваць спецыялістаў для транспланталагічнай службы ва Узбекістане. Абмяркоўваліся і іншыя пытанні гэтай сферы.

Акрамя таго, беларуская дэлегацыя абмеркавала з узбекскімі калегамі пытанні супрацоўніцтва ў сферы дзіцячай анкахірургіі, у прыватнасці алатрансплантацыі касцявога мозгу, а таксама далейшае развіццё Car-T-cell тэрапіі.

Міністр аховы здароўя Беларусі пацвердзіў гатоўнасць перадаць спецыялістам Міністэрства аховы здароўя Узбекістана дзеючыя ў Беларусі інструкцыі (пратаколы), якія рэгламентуюць метады аказання медыцынскай дапамогі з выкарыстаннем біямедыцынскіх клетачных прадуктаў на аснове мезенхімальных страмальных клетак чалавека. Адпаведнае пагадненне было падпісана ў лістападзе.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть