Эканоміка

ЕАЭС і Нікарагуа дамовіліся супрацоўнічаць у прамысловасці, АПК, мытным і тэхрэгуляванні


Фота eec.eaeunion.org

18 студзеня, Масква /Эдуард Півавар . Еўразійская эканамічная камісія і ўрад Нікарагуа заключылі мемарандум аб узаемадзеянні. Дакумент падпісалі 17 студзеня ў Манагуа член Калегіі (міністр) па інтэграцыі і макраэканоміцы ЕЭК Сяргей Глазьеў і міністр прамысловасці і гандлю Нікарагуа Хесус Бермудэс. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе камісіі.

«Нікарагуа і дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюза маюць традыцыйна трывалыя сувязі па шырокім парадку дня, і цалкам лагічна, што з улікам актыўнага развіцця працэсаў еўразійскай эканамічнай інтэграцыі і пазітыўных прыкладаў узаемадзеяння камісіі з іншымі партнёрамі ў рэгіёне Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна мы выйшлі на дыялог з урадам Нікарагуа», — заявіў Сяргей Глазьеў.

Паводле даных прэс-службы, у мемарандуме вызначаны такія ключавыя напрамкі развіцця супрацоўніцтва паміж ЕАЭС і Нікарагуа, як мытнае і тэхнічнае рэгуляванне, Прамысловасць, аграпрамысловы комплекс, санітарныя і фітасанітарныя меры, абарона правоў спажыўцоў і іншыя. Па гэтых напрамках дамовіліся пачаць работу ўжо ў бягучым годзе на ўзроўні профільных падраздзяленняў ЕЭК і міністэрстваў і ведамстваў Нікарагуа. «Гэта дасць магчымасць устанавіць эфектыўныя кантакты яшчэ да першага пасяджэння рабочай групы, якая ствараецца ў рамках мемарандума», — адзначылі ў ЕЭК.

«Узаемадзеянне ў рамках мемарандума арыентавана на садзейнічанне гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву краін ЕАЭС і Нікарагуа, — адзначыў міністр ЕЭК. — Пры гэтым патэнцыял можа быць раскрыты не толькі за кошт павелічэння аб’ёмаў гандлю таварамі, але і развіцця кааперацыі і рэалізацыі сумесных праектаў».

Перад падпісаннем дакумента саветнік прэзідэнта Нікарагуа Лаўрэана Артэга і міністр прамысловасці і гандлю Нікарагуа Хесус Бермудэс выступілі з прэзентацыяй эканамічнага патэнцыялу сваёй краіны, умоў вядзення бізнесу з акцэнтам на перспектывах развіцця супрацоўніцтва з партнёрамі з краін ЕАЭС. Адзначана цікавасць да павелічэння як экспартных, так і імпартных паставак, а таксама пашырэння геаграфіі кантактаў за кошт усіх краін саюза. Нікарагуанскі бок падрабязна праінфармаваў аб магчымасцях выкарыстання дзелавымі коламі ЕАЭС механізма свабодных зон развіцця на тэрыторыі Нікарагуа і выказаў упэўненасць, што партнёраў з ЕАЭС на практыцы зацікавіць гэты механізм, які актыўна падтрымліваецца ўрадам Нікарагуа.

У ЕЭК канстатавалі, што тавараабарот ЕАЭС з Нікарагуа мае дадатную дынаміку. Са студзеня па кастрычнік 2023 года экспарт ЕАЭС у гэту краіну павялічыўся на 14 працэнтаў, а імпарт — больш як у два разы. У экспарце пераважаюць лекавыя сродкі, аўтамабілі і часткі да іх, азотныя ўгнаенні, сланечнікавы алей, нафтапрадукты, у імпарце — арахіс, кава, тытунёвыя вырабы і сыравіна, трыкатаж і тэкстыль.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть