Грамадства

Хаджаеў: Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі нацэлены на больш глыбокае пазнанне патрэбнасцей дзвюх краін

27 чэрвеня, Віцебск . XI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі дазваляе вынесці на абмеркаванне праблемныя пытанні і нацэлены на больш глыбокае пазнанне патрэбнасцей дзвюх краін. Такой думкай з журналістамі перад пасяджэннем секцыі нумар 3 «Інавацыйная медыцына і фармацыя ў Саюзнай дзяржаве: прыярытэтныя напрамкі і перспектывы развіцця» ў Віцебску падзяліўся міністр аховы здароўя Беларусі Аляксандр Хаджаеў,

«Форум рэгіёнаў — гэта яшчэ больш глыбокае пазнанне адзін аднаго, глыбокае пазнанне патрэбнасці адзін аднаго, г.зн. (задача. — Заўвага БЕЛТА) вынесці на абмеркаванне тое, што хвалюе нашых грамадзян. Граніцы адкрыты, нашы грамадзяне лёгка могуць знаходзіцца на тэрыторыі нашых дзвюх краін, а сумежная тэрыторыя наогул даступна ў штодзённым фармаце стасункаў, што дае магчымасць нам разумець, што адбываецца. І на форуме мы, напэўна, больш будзем абмяркоўваць дасягненні, якія ёсць у рамках узаемадзеяння нашых дзяржаў, глядзець, як гэтыя дасягненні рэалізуюцца для кожнага грамадзяніна нашых краін і наколькі гэта ўсё бачна на нашых рэгіянальных тэрыторыях», — сказаў міністр.

Ён адзначыў, што сёння грамадзяне абедзвюх краін маюць магчымасць атрымліваць якасную медыцынскую дапамогу на тэрыторыі адзін аднаго. А гэта дазваляе рухацца, развівацца і дзяліцца напрацоўкамі. Аднак удзельнікі форуму робяць акцэнт на задачах, якія яшчэ давядзецца вырашыць.

«Форумы і праводзяцца для таго, каб выяўляць на іх тыя праблемныя пытанні, якія існуюць. Хачу сказаць, што на сённяшні дзень сітуацыя ў рамках аказання дапамогі не выклікае апасення. І ў рамках тых нарматыўных дакументаў яна ажыццяўляецца даволі эфектыўна. Разам з тым існуюць пытанні, якія патрабуюць абмеркавання наконт фармрынку — рэгістрацыі беларускіх прадуктаў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Гэта таксама неабходна абмяркоўваць, што мы будзем рабіць на гэтай пляцоўцы», — падкрэсліў Аляксандр Хаджаеў.

Дзеючая нарматыўная база дае магчымасць пазбягаць якіх-небудзь крытычных сітуацый у частцы даступнасці такой медыцынскай дапамогі. Выпрацавана сістэма, якая працуе. Гэта пацвярджае адсутнасць за апошні час заўваг з боку грамадзян Расіі на даступнасць аказання дапамогі ў Беларусі і грамадзян нашай краіны ў Расіі.

Секцыйнае пасяджэнне на тэму «Інавацыйная медыцына і фармацыя ў Саюзнай дзяржаве: прыярытэтныя напрамкі і перспектывы развіцця» сёння прымае Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт. У рабоце секцыі ўдзельнічаюць амаль 80 чалавек. Сярод іх — члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, кіраўнікі органаў выканаўчай улады Расійскай Федэрацыі, кіраўніцтва міністэрстваў аховы здароўя дзвюх краін, а таксама вядучых рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў, нацыянальных расійскіх даследчых цэнтраў, навуковых устаноў і ўстаноў вышэйшай адукацыі медыцынскага профілю.

Бакі абмяркоўваюць праблемныя пытанні ўзаемадзеяння і перспектывы супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя ў рамках асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024-2026 гады. Таксама размова ідзе аб інавацыйных тэхналогіях у лячэнні анкалагічных захворванняў, трансплантацыі органаў, тканак, клетак, траўматалогіі і артапедыі. Асобную ўвагу на пасяджэнні ўдзеляць пытанням развіцця радыяфармацэўтыкі, ядзернай медыцыны, прымянення клетачных тэхналогій і інавацыйнай біятэхналагічнай прадукцыі. Тэмамі для дыскусій стануць папулярызацыя лічбавых рашэнняў у сферы аховы здароўя і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва ў галіне навукі і адукцыі.

Перад работай секцыі ў холе ВНУ адкрылася экспазіцыя Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра.

XI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі на тэму «Роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў пабудове інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы» праходзіць 27-28 чэрвеня ў Віцебску, Полацку і Наваполацку. Арганізатары мерапрыемства — Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть