Эканоміка

Кыргызстан закупіў першыя партыі беларускай малочнай прадукцыі на біржавых таргах


Фота з архіва

18 чэрвеня, Мінск . На Беларускай універсальнай таварнай біржы праведзены першыя здзелкі па рэалізацыі малочнай прадукцыі ў Кыргызстан. У рамках заключаных біржавых кантрактаў на рынак гэтай дзяржавы Сярэдняй Азіі плануецца паставіць пробныя партыі беларускага сметанковага масла і сухога абястлушчанага малака аб’ёмам 20 т кожная. Такім чынам, геаграфія замежных пакупнікоў малакапрадуктаў, якія выкарыстоўваюць электронную платформу БУТБ, чарговы раз пашырылася, паведамілі ў прэс-службе БУТБ.

Пры гэтым на біржы лічаць, што зарэгістраваныя знешнегандлёвыя здзелкі не толькі адкрываюць новыя экспартныя магчымасці для беларускіх малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў, але і пацвярджаюць зацікаўленасць дзелавых колаў Кыргызстана ў больш актыўнай рабоце на біржавым таварным рынку Беларусі.

«Характэрнай асаблівасцю развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Кыргызстана ў біржавой сферы з’яўляецца рэгулярнае пашырэнне наменклатуры тавараў, уключаных ва ўзаемны гандаль. Першапачаткова гэта былі толькі пастаўкі насення сланечніку на адрас беларускіх сельгасарганізацый, аднак за апошнія некалькі гадоў у структуры біржавых здзелак з’явіўся шэраг новых пазіцый. У прыватнасці, у Беларусь з дапамогай біржавых таргоў пачалі імпартавацца выпускаемыя ў Кыргызстане вырабы з чорных металаў, у той час як беларускія экспарцёры пачалі паспяхова прадаваць кыргызстанскім удзельнікам таргоў піламатэрыялы, цукар, а цяпер і малочную прадукцыю. Як правіла, такая дыверсіфікацыя суправаджаецца ростам аб’ёмаў біржавога тавараабароту і павелічэннем колькасці акрэдытаваных кампаній. Таму ў гандлі з Кыргызстанам па выніках 2024 года разлічваем выйсці ў плюс па абодвух паказчыках», — пракаменціравалі ў прэс-службе БУТБ.

Па стане на 1 чэрвеня 2024 года на БУТБ былі акрэдытаваны 26 рэзідэнтаў Кыргызскай Рэспублікі. Найбольшы аб’ём здзелак у вартасным выражэнні забяспечыў экспарт беларускага цукру-пяску і абразных піламатэрыялаў хвойных парод.

ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ — адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы — садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть