Культура

Пра страчаныя храмы Гомеля раскажуць на фотадакументальнай выставе ў палацы Румянцавых і Паскевічаў 


Фота з архіва

2 лютага, Гомель . Выстава «Страчаныя храмы Гомеля» пачала работу ў паўднёвай галерэі палаца Румянцавых і Паскевічаў, паведамілі БЕЛТА ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.

Праз архіўныя дакументы і фотаматэрыялы ў экспазіцыі ў храналагічным парадку расказваецца пра лёс трынаццаці культавых аб’ектаў, якія ў розны час пабудаваны і па розных прычынах зніклі з карты Гомеля.

«Царкоўная гісторыя горада пачынае сваё летазлічэнне пасля прыняцця хрысціянства ў старажытнарускі перыяд. Паводле сведчанняў археалагічных даследаванняў, на тэрыторыі гомельскага дзядзінца ўжо ў XII стагоддзі мог быць пабудаваны храм», — адзначылі ў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе. Паводле інфармацыі спецыялістаў, першыя дакументальныя сведчанні адносяцца да канца XV стагоддзя і звязаны з драўлянай царквой Мікалая Цудатворца. «Яна размяшчалася ва ўмацаванай частцы горада — «замку» і была разабрана ў пачатку XIX стагоддзя пры расшырэнні палаца Румянцавых. У той самы час пры графе М.П. Румянцаве, які валодаў мястэчкам Гомель з 1796 па 1826 год, замест старых драўляных цэркваў былі пабудаваны новыя мураваныя збудаванні ў стылі класіцызму. У іх лік уваходзілі храмы розных канфесій, яны не захаваліся да нашых дзён: каталіцкі касцёл, праваслаўная Троіцкая царква, яўрэйская школа-сінагога», — расказалі ў палацы.

Актыўнае ўзвядзенне цэркваў у Гомелі ішло ў другой палавіне XIX і пачатку XX стагоддзя, калі горад бурна развіваўся, прырастаў насельніцтвам. «У мастацкім рашэнні культавых збудаванняў прасочваюцца стылістычныя тэндэнцыі часу, а ў праектаванні — нараўне з выкарыстаннем зацверджаных тыпавых распрацовак канкрэтныя імёны аўтараў. Так, праект капліцы ў памяць імператара Аляксандра II на саборнай плошчы ў 1882 годзе склаў пецярбургскі архітэктар Вегенер, а капліцы на Новікаўскіх могілках, пабудаванай у 1889 годзе, — гомельскі гарадскі архітэктар Торлін», — удакладнілі ў палацава-паркавым ансамблі.

Пры падрыхтоўцы выстаўкі былі выкарыстаны матэрыялы са збору музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва (Масква), Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва (Санкт-Пецярбург), архіва царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай епархіі, фондаў Музея гісторыі горада Гомеля і друкаваных выданняў рознага часу. Шмат каштоўных звестак атрымана са здымкаў, якія беражліва захоўваліся ў сямейных альбомах і асабістых калекцыях аматараў гістарычнай фотахронікі.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть