Культура

Творчыя калектывы пяці краін чакаюць на фестывалі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне»


Фота газеты «Дняпроўская праўда»

21 чэрвеня, Віцебск . XXX Міжнародны фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» пройдзе з 21 па 23 чэрвеня. Аб гэтым паведаміла загадчык сектара культуры Дубровенскага райвыканкама Алена Якавенка.

Фестываль збярэ творчыя калектывы з пяці краін: Беларусі, Расіі, Казахстана, Латвіі і Рэспублікі Карэя. Апошнюю прадставіць Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур Мінска. Расійскія артысты прыбудуць са Смаленскай, Пскоўскай абласцей і Рэспублікі Татарстан. «У бягучым годзе чакаем 23 калектывы, гэта амаль 300 чалавек», — растлумачыла загадчык сектара культуры.

Праграма разлічана на тры дні, першы з якіх напоўняць маладзёжнае свята, выступленні мясцовых калектываў і ансамбляў, юных фіналістаў рэгіянальнага вакальнага конкурсу «Салаўіныя ноткі». Знаёмства з гасцямі запланавана на 22 чэрвеня, у той жа дзень адбудзецца афіцыйнае адкрыццё юбілейнага фестывалю. Новым праектам для яго стане «Вянок дружбы». Паводле задумы, кожны калектыў упляце ў яго сваю стужку з назвай горада, адкуль прыехаў. А ўжо ў нядзелю на гала-канцэрце закрыцця гатовы вянок урачыста запусцяць па рацэ Днепр.

«У рэалізацыі гэтага праекта будуць прымаць удзел усе калектывы і госці фестывалю. Неад’емнай часткай вянка будуць галіны дуба — сімвала нашага горада з вялікім гістарычным мінулым. З даўніх часоў лічылася, што пры вырабе вянка чалавек уплятае свой лёс, таму думкі яго павінны быць добрымі, чыстымі і прыгожымі. Упэўнена, што наш вянок дружбы не толькі атрымаецца прыгожым, але і будзе ўвасабленнем моцнай, дружалюбнай і міралюбнай энергетыкі», — сказала Алена Якавенка.

Паколькі фестываль праходзіць у год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, патрыятычнай тэматыцы прысвечаны цыкл праектаў. Мітынг, краязнаўчая канферэнцыя пра подзвіг, якому жыць у стагоддзях, спектакль паводле п’есы І.Грэкавай «Удовін параход» у пастаноўцы раённага цэнтра культуры, дыялогавая пляцоўка з удзелам артыстаў Маладзёжнага тэатра эстрады ў дзіцячай школе мастацтваў і канцэрт фіналістаў абласнога конкурсу маладых выканаўцаў «Песні юнацтва нашых бацькоў». Кожны год на фестывалі праводзяць урачысты мітынг-рэквіем на мемарыяльным комплексе «Рыленкі». Тут жа на гэты раз адбудзецца і народная акцыя «З песняй — да Перамогі». Прысутныя ва ўнісон выканаюць «Паклонімся вялікім тым гадам». Каля мемарыяла правядуць і акцыю да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

Пленэр мастакоў, кірмаш майстроў, тэатралізаваныя пляцоўкі, выстава-прэзентацыя, конкурсы і разнастайныя канцэрты ў падарунак гораду — «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» абяцаюць быць выключнымі.

Трэці дзень форуму адкрые аўтапрабег з удзелам мотаклуба з Оршы. Каля трох дзясяткаў матацыклаў, а, верагодна, і больш, пазней праводзяць удзельнікаў да памятнага знака і ўзначаляць тэатралізаванае шэсце. Калона накіруецца да гарадскога стадыёна, дзе на гала-канцэрце двухколавая тэхніка пройдзе ганаровы круг са сцягамі пяці краін-удзельніц. Тут адбудзецца цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў конкурсаў. Завершыцца юбілейны фестываль гучна — неба над Дуброўнам расквеціць святочны феерверк.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть